Прадпрымальнікі дамагліся мараторыя на праверкі (дапоўнена)
Заяўка на правядзенне 15 ліпеня “Марша прадпрымальнікаў” адклікаецца з Мінгарвыканкама.
Прадпрымальнікі адмяняюць марш, якім меліся прайсці 15 ліпеня па вуліцах Мінска. 9 ліпеня падчас нарады ў Міністэрстве гандлю прадстаўнікі малога бізнэсу пераканалі чыноўнікаў увесці мараторый на праверкі — да лістапада 2013 года.
Нагадаем, з 1 ліпеня, паводле тэхрэгламента Мытнага саюза, прадпрымальнікі абавязаныя мець суправаджальныя дакументы на тавары лёгкай прамысловасці. Але беларускія гандляры, якія набываюць адзенне на рынках ў Маскве, скардзяцца на немагчымасць атрымаць такія дакументы ў сваіх пастаўшчыкоў.
Па словах старшыні прадпрымальніцкага РГА “Перспектыва” Анатоля Шумчанкі, нарада ў Мінгандлю была б немагчымай без забастоўкі прадпрымальнікаў 27 чэрвеня:
"Стаўленне да нас змянілася хаця б з таго гледзішча, што нарада адбылася. А калі б такая нарада адбылася перад забастоўкай — паверце, мы ўсе адэкватныя людзі, і нам непатрэбныя акцыі для акцыі. Але мы не змаглі выйсці з нашымі пытаннямі на ўзровень ураду. Нас паўсюль адфутбольвалі і не хацелі размаўляць".
Шумчанка падкрэслівае, што тэхрэгламент Мытнага саюза, ініцыяваны расіянамі, не выконваецца найперш на расійскіх рынках:
"Расіяне ініцыявалі закон, па якім самі не працуюць, але патрабуюць ад іншых. У іх ніхто не патрабуе сертыфікатаў і суправаджальных дакументаў. Мы накіравалі ў Маскву пералік рынкаў, шэрагаў, гандлёвых месцаў, дзе не маюць суправаджальных дакументаў на вопратку. І што, вы думаеце, хто-небудзь пайшоў іх правяраць?"
Што праўда, пытанне суправаджальных дакументаў у Беларусі пакуль застаецца адкрытым. Вырашыць яго мяркуецца падчас наступных нарадаў з удзелам прадстаўнікоў малога бізнэса і чыноўнікаў.
Фота: svaboda.org.