Беларускія стартапы, якія могуць хутка паўтарыць поспех MSQRD

Беларускія стартапы, якія могуць хутка паўтарыць поспех MSQRD

“Нядаўняя гісторыя поспеху MSQRD і яго далучэнне да Facebook многім прадэманстравалі прыклад, у якім кірунку трэба рухацца, — распавядае сузаснавальніца мінскага бізнес-клуба Іmaguru Настасся Хамянкова. — Першы прататып MSQRD яго стваральнікі прадэманстравалі на лістападаўскім хакатоне ў Іmaguru і перамаглі ў ім. Але на гэтым яны не спыніліся і працягвалі актыўна развіваць і прасоўваць свой праект. Гэта вельмі важна, бо часам многія агучваюць файную ідэю, але на гэтым усё і заканчваецца. Па нашай статыстыцы, з 15 каманд, сфармаваных на хакатоне, 4 потым паспяхова працуюць”.

Настасся Хамянкова падкрэслівае, што выпадак са стартапам MSQRD — не адзіны ў Беларусі. У нас ёсць шмат паспяхова рэалізаваных праектаў. Але з-за сваёй вузкай накіраванасці яны не такія вядомыя, як MSQRD. Тым не менш Настасся пералічвае беларускія стартапы, што неўзабаве могуць стрэліць.

Alta-ai.com — стартап, які займаецца распрацоўкай AI-ботаў для бізнесу. Яны аўтаматызуюць зносіны з кліентамі, прадаюць тавары і павышаюць канверсію. Боты могуць працаваць як на сайце, так і ў месенджары альбо мабільным дадатку. Напрыклад, пры ўсталёўцы ў інтэрнэт-крамах, карыстальнікі змогуць напісаць "хачу купіць дарослы ровар для язды па горадзе", сістэма зразумее іх і падбярэ прадукт, задаючы неабходныя пытанні.

Ontourcloud — глабальная сістэма пошуку, створаная спецыяльна для арганізатараў канцэртаў і музыкаў. Дзякуючы ёй, вы можаце сачыць за перамяшчэннем артыстаў ды музыкаў і прапаноўваць ім выступіць на сваіх пляцоўках. Музыкі ў сваю чаргу могуць распісаць сабе тур — праграма падбярэ найбольш выгадны маршрут і пляцоўкі, дзе можна выступіць.

Kuku.io — вэб-дадатак, які дапамагае прасцей планаваць і размяшчаць пасты, калі ў вас ёсць некалькі акаунтаў у розных соцсетках. Апроч гэтага, вы можаце прааналізаваць іх папулярнасць праз аналітыку і розныя падказкі.

Vouff — сэрвіс, чымсьці падобны на MSQRD. Ён вызначае, якія тавары альбо брэнды выкарыстоўваюцца ў відэа, і дазваляе замяняць іх у онлайн-рэжыме. Напрыклад, на відэа вы шпацыруеце па вуліцы з колай, а Vouff замяняе яе на піва.

Беларускія стартапы, якія могуць хутка паўтарыць поспех MSQRD

Настасся Хамянкова перакананая, што кожны жадаючы можа арганізаваць свой стартап:

“Да нас звычайна прыходзяць стартаперы, якія дагэтуль ужо працавалі ў розных ІТ-кампаніях. Але ёсць людзі і з самых розных сфер, якія хочуць са свайго хобі ці захаплення зрабіць праект і змяніць сусвет. І гэта, дарэчы, вельмі разумна. Калі ў вас узнікла арыгінальная ідэя, зрабіце яе макет на паперы і пазнаёмце з ёй патэнцыйную аўдыторыю вашага прадукту. Тады ў вас складзецца больш дасканалае ўяўленне, якім ваш праект мусіць быць і чаго яму не хапае. Наступны крок — стварэнне каманды для рэалізацыі ідэі. Дзеля гэтага лепш наведаць любы хакатон — спаборніцтвы, на якіх на працягу 48 гадзін без перапынку ствараюцца стартапы і падбіраюцца ўдзельнікі каманд”.

Па словах Настассі Хамянковай, у сферы высокіх тэхналогій актыўна заяўляюць пра сябе і жанчыны.

“Асабліва шмат дзяўчат у сферы мабільных дадаткаў. Іх цікавяць такія трэндавыя сёння тэмы, як здаровы лад жыцця: спорт, фітнэс, прыгажосць”.

Адзін з самых яскравых прыкладаў — кампанія RedRockApps, заснаваная Любоўю Пашкоўскай, Наталляй Бахар і Ігарам Юдзіным. Сфера іх дзейнасці — стварэнне мабільных дадаткаў для заняткаў спортам і фітнэсам. Яшчэ адзін цікавы стартап, заснаваны беларускай — MeetnGreetme. Над яго стварэннем працавалі Алена Шкаруба, Андрэй Гайдукевіч і Мікалай Выхоўскі.

Беларускія стартапы, якія могуць хутка паўтарыць поспех MSQRD

“Гэта такі Uber для падарожнікаў, — жартуе Насця. — Цяпер усё больш людзей аддаюць перавагу самастойным падарожжам. З дапамогай гэтага рэсурсу вы з лёгкасцю зможаце знайсці чалавека ў любой краіне свету, які за пэўную плату ці па індывідуальнай дамоўленасці папрацуе вашым асабістым кансьержам. Напрыклад, дапаможа вам патрапіць на закрытую вечарыну ці парэкамендуе цікавыя месцы, якія варта наведаць і пра якія ведаюць толькі мясцовыя”.

Трэба адзначыць, што ў мінулым годзе стартап скарыў журы конкурсу GES Women Entrepreneurship Day. А сама Алена Шкаруба стала ўдзельніцай ініцыятывы Белага дома SPARK па спрыянні развіццю жаночага і юнацкага прадпрымальніцтва.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі