Беларускія ВНУ мераюць па колькасці студэнтаў, замежныя — па навукоўцах
А ў міжнародным рэйтынгу лепшыя ўніверсітэты вызначаюць па дасягненнях выпускнікоў і іх папулярнасці ў працадаўцаў.
“Для ацэнкі ўлічваліся як колькасныя паказчыкі: колькасць абітурыентаў, прынятых за кошт сродкаў бюджэту, колькасць абітурыентаў, прынятых на ўмовах аплаты, так і якасныя паказчыкі: прахадны бал па спецыяльнасці”, — пералічваюць крытэрыі, па якіх вызначалі лепшыя універсітэты ў рэйтынгу Мінадукацыі.
Усяго ў ім 47 універсітэтаў: першыя БДУ, БНТУ, БДУІР. Апошняя ВНУ – Міжнародны гуманітарна-эканамічны ўніверсітэт. Акадэмія кіравання пры прэзідэнце з рэйтынга раптоўна знікла, а была на 36 месцы.
Гэты рэйтынг універаў па версіі абітурыентаў ацэньвае прафесар, сябра грамадскага Балонскага камітэту Уладзімір Дунаеў.
“Ускосна гэты рэйтынг дае уяўленне пра студэнцкі патэнцыял, але ацэньваць па ім універсітэт складана. Ёсць міжнародны шанхайскі рэйтынг, там лічаць нобелеўскіх лаўрэатаў — выпускнікоў універсітэта. Але палова Нобелеўскіх лаўрэатаў – гэта выпускнікі тузіна ўніверсітэтаў”, — расказвае Еўрарадыё Уладзімір Дунаеў.
Вялікую ўвагу у міжнародных рэйтынгах надаюць навуковым дасягненням навучальных установаў, працягвае Уладзімір Дунаеў:
“Прынцыповая адзнака даецца навуковай прадукцыі універсітэтаў. Бо калі ўніверсітэт прасунуты ў навуковым плане, значыць, там высокая якасць выкладання і ён будзе прыцягваць студэнтаў”, — тлумачыць Дунаеў.
Але ў такіх рэйтынгах дамінуюць амерыканскія і брытанскія універсітэты. Еўрапейскія — не на першых пазіцыях, падсумоўвае прафесар.
Перыш рэйтынг Мінадукацыі ён называе спробай стварыць нацыянальны рэйтынг. І абяцае, што Грамадскі Балонскі камітэт зробіць свой рэйтынг. Крытэрыі: універсітэцкія свабоды і аўтаномія.
“Мы стаім перад неабходнасцю такіх рэйтынгаў, бо Беларусь у гэтым плане адстала: нацыянальныя рэйтынгі ёсць ва Украіне, Расіі”.
У Магілёўскім педагагічным універсітэце імя Куляшова задаволеныя нават 20-ым месцам у рэйтынгу: у першай палове — ужо добра.
“Там жа ён рабіўся па выніках апошняй уступнай кампаніі. За аснову бралі суму балаў, якую студэнты набралі па ўсіх спецыяльнасцях, з улікам выканання кантрольных лічбаў прыёму. Калі ў БДУ дзве тысячы — бюджэтны набор, а ў нас не дацягвае да паўтысячы, то хто ж будзе на першым месцы…”, — пытаюць у адміністрацыі гэтай ВНУ.
Траплялі беларускія ўніверсітэты і ў міжнародныя рэйтынгі. Два гады таму ў рэйтынгу Quacquarelli Symonds БДУ уваходзіў у ТОП-600 універсітэтаў. Адзін з асноўных крытэрыяў — папулярнасць выпускнікоў у працадаўцаў. Іншыя беларускія ВНУ ў рэйтынг не трапілі.
Фота: svit24.net