Беларусы не змогуць атрымаць сертыфікат па нямецкай мове ў Гётэ-Інстытуце і ў РФ
Гётэ-інстытут / dpa
Па патрабаванні расійскіх уладаў у аддзяленнях Гётэ-Інстытута ў Маскве і Санкт-Пецярбургу застануцца працаваць толькі бібліятэкі. Моўныя курсы і здача кваліфікацыйных іспытаў на веданне нямецкай мовы прыпыненае на нявызначаны час, перадае DW.
Супраца Гётэ-Інстытута з расійскімі дзяржорганамі была замарожаная пасля 24 лютага 2022 года, калі Расія пачала шырокамаштабную агрэсію супраць Украіны. Пры гэтым там заставалася магчымасць здаваць іспыты на моўныя сертыфікаты. Гэтым карысталіся ў тым ліку беларусы, якія атрымлівалі сертыфікаты, напрыклад, для навучання ў Германіі. У Мінску Гётэ-Інстытут быў зачынены яшчэ ўлетку 2021 года.
Цяпер установа стала ахвярай палітычнага пахаладання ў адносінах паміж Германіяй і Расіяй. Расія ўвяла колькасныя абмежаванні для нямецкіх дзяржслужбоўцаў — 350 чалавек, прычым гэтыя скарачэнні закранулі і тых, хто працаваў у сферы культуры і адукацыі. У адказ Германія абвясціла пра закрыццё чатырох з пяці расійскіх консульстваў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.