Беларусы пачалі прапісвацца бліжэй да будучай АЭС

Улады і навукоўцы яшчэ не вызначыліся з месцам будаўніцтва беларускай АЭС, а людзі ўжо актыўна пачалі прапісвацца ў вёсках, непадалёк ад магчымай будоўлі. Такім чынам яны спадзяюцца зарабіць -- у надзеі атрымаць бясплатнае жыллё пасля зносу гэтых вёсак. Пра гэта Еўрарадыё расказаў старшыня Аўсянкаўскага сельсавета Магілёўскай вобласці Мікалай Янчанка.

Мікалай Янчанка: “Афіцыйнага паведамлення, што ў гэтым месцы будзе нешта будавацца, пакуль няма. І што гэтыя вёскі падлягаюць перасяленню альбо зносу -- таксама. Але ведаю, што людзі, пачуўшы пра гэта, актыўна там прапісваліся. У надзеі на нешта. Але ніякіх указанняў па абмежаванні прапіскі ў нас не было. Я не памятаю колькі, але некалькі чалавек там прапісаліся за летні перыяд”.

На тэрыторыі Аўсянкаўскага сельсавета, непадалёк ад вёсак Кукшынава і Грывец, праводзяць даследаванні геадэзісты. Высвятляюць, наколькі гэтая мясцовасць падыходзіць для будаўніцтва атамнай станцыі. Толькі гарантыі, што яе размесцяць менавіта тут, няма ніякай.

Па словах старшыні, у гэтых вёсках набыць дом можна за 100-150 долараў. Але жадаючых набыць маёмасць пакуль няма. Відаць, кажа, перш чым укладаць нават невялікія грошы ў надзею на добрую кватэру, людзі хочуць дачакацца рашэння навукоўцаў наконт месца будоўлі АЭС.

Мікалай Янчанка: “Пакуль з такімі прапановамі ніхто яшчэ не звяртаўся”.

Што тычыцца самой АЭС, то, па словах старшыні, людзі ставяцца да яе па-рознаму. Праўда, больш негатыўна. А сваё меркаванне на гэты конт ён агучыць не захацеў.

Мікалай Янчанка: “Выказваюцца і там, і тут негатыўна. Я не магу гэта казаць… Няхай гэта лепш ад каго іншага пачуюць”.

Разам з тым, сцвярджае старшыня сельсавета, людзі спадзяюцца атрымаць на будоўлі добрую, высокааплатную працу.

Мікалай Янчанка: “Усе ж спадзяюцца на гэта! Там жа, напэўна, не толькі “белыя каўнерыкі” патрэбныя будуць. Трэба ж будуць і рабочыя рукі. Вось і спадзяюцца людзі, што там працаўладкуюцца”.

У вёсцы Кукшынава жыве 42 чалавекі. Працаздольных з іх – 12. У вёсцы Грывец і таго менш: жыве 18 чалавек, працаздольных – 8. Па звестках сельсавета. Ад жыхаркі вёскі Грывец Ганны Іванаўны Еўрарадыё пачула зусім іншыя лічбы.

Ганна Іванаўна: “З нашай вёскі няма рабочых, з Кукшынава – няма. А за 2 кіламетры ёсць вёска Калёнка, дык там чалавекі тры ў брыгаду ходзяць. І ёсць некалькі механізатараў мужчын. Жанчын штукі дзве каля цялят працуюць. Ва ўсіх вёсках вакол Кукшынава адны пенсіянеры амаль што”.

Жывуць на пенсію, якая складае 300-350 тысяч. Кажа, пра будаўніцтва атамнай станцыі чулі, але каб хтосьці купляў у навакольных вёсках дамы -- размовы не было.

Ганна Іванаўна: “Нічога такога я не чула, што ў нас тут скупляюць. Аб’ява вісіць, што нейкая жанчына з Горак хоча купіць дом у Зубрах альбо ў Кукшынаве. А больш нічога не чуваць. У нас няма такіх хат, каб купіць. Ёсць адна хата. На знос яе не купіш, але тут жыць можна”.

Жанчына кажа, што ўсе сталыя людзі не хочуць суседства з атамнай станцыяй. Але баяцца не радыяцыі -- высялення. Хочуць дажыць у сваёй хаце.

Ганна Іванаўна: “Усе старыя мы тут. Кажуць, будуць перасяляць, а ўсе хочуць у сваіх хатах дажыць”.

А пад канец размовы паскардзілася, што іх меркавання наконт гэтага будаўніцтва ніхто не пытае. Кажа, хтосьці за іх усё вырашыць, а ім потым на сконе жыцця бадзяйся па свеце…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі