Беларусы сталі радзей выбіраць айчынныя электроніку і адзенне
У краме
Па выніках мінулага года доля тавараў беларускай вытворчасці ў рознічным тавараабароце склала 59,5%, піша sb.by са спасылкай на міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксея Багданава.
У сегменце харчовых тавараў ёсць рост — плюс 0,6%, а вось беларускія нехарчовыя тавары здалі пазіцыі. Іх доля знізілася на 2,5%.
"Вытворцы айчыннай электрабытавай тэхнікі і тавараў лёгкай прамысловасці, на жаль, страцілі напрацаваны раней плюс — і ў 2024-м у гэтым кірунку трэба будзе папрацаваць з падвоенай сілай", — кажа Багданаў. У продажах аселі вытворцы панчошна-шкарпэткавых вырабаў, трыкатажнага адзення, халадзільнікаў і пральных машын. Багданаў лічыць, што яны павінны больш актыўна прасоўваць сваю прадукцыю і павышаць яе пазнавальнасць у спажыўца. А яшчэ вытворцам варта было б падумаць аб зніжэнні сабекошту прадукцыі, лічыць міністр. Трэба быць канкурэнтаздольнымі па цане, дызайне і функцыянале, адзначыў ён.
Багданаў таксама нагадаў, што ў 2022 годзе уладам "удалося пераламаць шматгадовы трэнд падзення долі продажаў айчынных тавараў". Верагодна гэта адбылося на фоне ўведзеных санкцый і сыходу з рынку многіх заходніх вытворцаў. У выніку ў 2022 іх доля ў розніцы вырасла на 1,7 працэнта ў параўнанні з 2021-м.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.