"Белавія" пачынае лётаць ва Уфу
Уфа стала трэцім расійскім горадам, куды пачала лётаць "Белавія" ў гэтым месяцы / БЕЛТА
З 31 траўня "Белавія" пачынае лётаць ва Уфу, гаворыцца на сайце нацыянальнага авіяперавозчыка. Уфа стала трэцім расійскім горадам, які стаў даступны для пасажыраў кампаніі ў гэтым месяцы. Раней у траўні "Белавія" пачала лётаць у Екацярынбург і Самару. А наогул Уфа стала дзявятым яе рэгулярным маршрутам у Расію.
Рэйсы Мінск-Уфа-Мінск будуць выконвацца адзін раз на тыдзень — у панядзелкі. Вылет з Мінска запланаваны на 00.10, прыбыццё ў міжнародны аэрапорт Уфа — у 04.55. Зваротны рэйс з Уфы будзе ў 06.20 з прылётам у сталіцу Беларусі ў 07.05.
Кошт білета складзе ад 98 еўра ў адзін бок і ад 183 еўра — за палёт туды-назад.
Напярэдадні ў інтэрв'ю беларускаму тэлебачанню першы віцэ-прэм'ер беларускага ўрада Мікалай Снапкоў заявіў, што адкрыццё новых кірункаў у Расію можа дапамагчы "Белавіі" выбудаваць "новую бізнес-мадэль".
Новая мадэль спатрэбілася пасля таго, як для самалётаў нацыянальнай авіякампаніі закрылася большасць еўрапейскіх аэрапортаў. Прычынай стаў інцыдэнт з самалётам Ryanair. Пры гэтым у Крым самалёты "Белавіі" пакуль лётаць не будуць — спачатку "мусіць быць палітычнае прызнанне Крыма", заявіў днямі ў эфіры YouTube-канала "Салаўёў Live" кіраўнік авіякампаніі Ігар Чаргінец.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.