"Белавія" ўсё ж запускае ў рэйсы Boeing 737 MAX
Boeing 737-8 / kp.by
Нацыянальная авіякампанія "Белавія" паведаміла, што праверыла і падрыхтавала Boeing 737-8 да пасажырскіх рэйсаў. Мяркуецца, што сёння борт выканае два палёты — у Варшаву і Кіеў, гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на сайце авіяперавозчыка.
Нагадаем, што пасля дзвюх смяротных авіякатастроф з удзелам самалёта гэтай камплектацыі ў сакавіку 2019 года ў ЗША была ўведзеная забарона на выкарыстанне гэтай мадэлі. Мінулай восенню забарону знялі, аднак у красавіку ўжо гэтага года стала вядома, што ў гэтых самалётаў магчымыя праблемы з электрыкай. У выніку 24 авіякампаніі па ўсім свеце прынялі рашэнне аб прыпыненні палётаў 737 Max.
У "Белавіі" кажуць, што вытворца рэкамендаваў "правесці інспекцыю электрычнай схемы адной з дублявальных сістэм электразабеспячэння самалётаў".
"Гаворка была пра нязначны тэхнічны нюанс, які ніяк не звязаны з праграмным забеспячэннем. Працу маглі выканаць спецыялісты "Белавіі", аднак кампанія-вытворца накіравала да сваіх заказчыкаў брыгаду ўласных спецыялістаў", — паведамілі ў "Белавіі". Дапрацоўку завяршылі на гэтым тыдні.
Пасля гэтага былі праведзеныя праверка і тэставыя палёты. На трэніроўцы прысутнічаў генеральны дырэктар "Белавіі" Ігар Чаргінец, кіраўніцтва Дэпартамента па авіяцыі, авіяцыйная інспекцыя і прадстаўнікі Boeing.
"Усё прайшло добра. Сёння мы гатовыя пачаць выконваць першыя камерцыйныя рэйсы на гэтым самалёце. Мадэль паветранага судна 737-8 можна лічыць адным з самых бяспечных самалётаў у гісторыі, дзякуючы працы, якую зрабіла кампанія Boeing", — заявіў па выніках тэставых палётаў Чаргінец.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.