"Белдзяржхарчпрам" адрэагаваў на ажыятаж: цэны на цукар захаваюцца

"Белдзяржхарчпрам" адрэагаваў на ажыятаж: цэны на цукар захаваюцца

Запас цукру ў краіне дазваляе захоўваць ранейшыя цэны на прадукт. Так у канцэрне "Белдзяржхарчпрам" адрэагавалі на "цукровы ажыятаж" на Брэстчыне.

Як адзначае прэс-служба ведамства, апошнім часам попыт на гэты прадукт рэзка вырас. У чэрвені заводы паставілі ў крамы каля 11 тысяч тон цукру, а за два тыдні ліпеня — 8,1 тысячы тон.

"Цукровы ажыятаж" пракаментаваў начальнік упраўлення каардынацыі паставак тавараў на ўнутраны рынак і знешнегандлёвай дзейнасці канцэрна Ігар Груца: "Сфармаваны запас прадукцыі дае падставы для захавання цяперашніх коштаў на цукар. А спрыяльныя ўмовы надвор'я дазваляюць экспертам рабіць аптымістычныя прагнозы на новы ўраджай цукровых буракоў". 

Ён дадаў, што ўлетку попыт на цукар традыцыйна павялічваецца з 10-15 тысяч тон у месяц да 20-22 тысяч. Чыноўнік падкрэсліў, што цяпер на складах заводаў знаходзіцца больш за 100 тысяч тон цукру. "Гэты аб'ём з лішкам пакрывае патрэбу ўнутранага рынку да пачатку новага сезону вытворчасці цукру, які пачнецца ўжо ў верасні", — заявіў ён.

Як распавядала Еўрарадыё, у Брэсце і Пінску 17 ліпеня раскупілі цукар пасля з'яўлення чутак пра яго падаражанне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі