Bellingcat не знайшла доказаў, што Украіна папярэдзіла Лукашэнку пра вагнераўцаў
Журналісты-расследвальнікі групы Bellingcat не знайшлі пацвярджэння "чутак", быццам кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак папярэдзіў Аляксандра Лукашэнку пра "вагнераўцаў" на тэрыторыі Беларусі і прасіў затрымаць іх. Пра гэта прадстаўнік Bellingcat Хрыста Грозеў расказаў у інтэрв'ю Дзмітрыю Гардону.
"Мы чулі гэтую чутку, але пацвярджэння не знайшлі. Калі б у нас былі сувязі са спецслужбамі, то, магчыма, мы даведаліся б, ці ёсць такое тэлефанаванне. Інакш ніяк не знайсці. Але доказы такой версіі... Мы шукалі-шукалі... не знайшлі", — кажа Грозеў.
17 лістапада міжнародная група Bellingcat апублікавала расследаванне пра спецаперацыі па затрыманні баевікоў расійскай прыватнай ваеннай кампаніі Вагнера. Такую аперацыю рыхтавалі прадстаўнікі ўкраінскіх спецслужбаў. "Вагнераўцы" былі затрыманыя ўлетку 2020 года пад Мінскам. Нягледзячы на запыт Украіны аб выдачы ўсіх іх вярнулі ў Расію.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.