"Белнафтахім" абяцае знізіць кошты на бензін, а пакуль зноў плюс 1 капейка
grodnonews.by
Кошты на нафту на сусветных рынках за апошнія дні ўпалі да рэкордна нізкіх значэнняў за апошнія 2,5 года (сорт WTI — да 45 долараў за барэль, Brent — да 50 долараў), а бензін ў Беларусі працягвае даражэць. Кошты на паліва павысіліся з 1 сакавіка на 1 капейку і складаюць цяпер: АІ-92 — 1,73 рубля за літр, АІ-95 — 1,83 рубля, АІ-98 — 2,05 рубля, дызель — 1,83 рубля.
Гэта ўжо дзявятае павышэнне коштаў на паліва з пачатку 2020 года.
У канцэрне "Белнафтахім" тлумачаць павышэнне коштаў тым, што кошт паліва вызначаецца сярэднімі коштамі на нафту ў студзені-лютым, калі яны знаходзіліся на ўзроўні ад 56 да 63 долараў. З улікам рэзкага зніжэння коштаў на нафту ў канцы лютага "Белнафтахім" "фармуе аптымістычны прагноз па далейшай дынаміцы коштаў на нафтапрадукты на ўнутраным рынку ў сакавіку".
Што ў разуменні дзяржканцэрна ўяўляе сабой "аптымістычны прагноз", невядома. Будзем спадзявацца, што гаворка ідзе пра зніжэнне коштаў, а не пра падвышэнне. Хоць і пра рост коштаў намеснік старшыні "Белнафтахіма" Сізоў 25 лютага на сустрэчы з пратэстуючымі пад офісам канцэрна сказаў літаральна наступнае: "Кошты на паліва не растуць — яны змяняюцца".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.