"Без Білета" выдалі складанку песень і рыхтуюць пазітыўную прэм'еру

Неўтаймоўная энергія прымусіла гурт Без Білета па-новаму пераглядзець сваю творчасць і выдаць новую складанку “Красному диску солнца”, якую з 15 красавіка можна набыць у музычных крамах Мінска. Пры стварэнні песень каманда Без Білета не абмяжоўваецца адным варыянтам аранжыроўкі. Паводле Віталя Артыста, розныя бачанні знаёмых песень пачуюць прыхільнікі гурта ў новым дыску.

Віталь Артыст: “Калі мы робім арынжыроўку на нейкую песню, часам вынікае шэсць яе варыянтаў. У нас быў такі рэкорд. І пры чым усе варыянты нам падабаюцца. У дадзеным выпадку можна лічыць, што ідэі, якія не змясціліся ў альбоме “Афрыка”, але якія хацелася паказаць,ёсць на гэтым дыску”.

Асаблівую ўвагу слухачам Віталь Артыст раіць звярнуць на тры песні: абноўленую версію “Мая краіна – Беларусь”, “Птицы из Африки летят”, у якой Віталь рызыкнуў цалкам перапісаць прыпеў і ўбачыць яе па-новаму, і песню “Мы с тобой одной крови”, якая раней называлася “Жёлтые светофоры”, а зараз кардынальна змяніла свой настрой.

У якасці бонусаў на складанцы размешчаны 3 апошнія кліпы “Без Білета”.

Канцэртнай прэзентацыі складанкі “Красному диску солнца” “безбілетнікі” не плануюць, паколькі зараз занятыя важнай справай – працай над новай экстрымальна-аптымістычнай песняй.

Віталь Артыст: “У бліжэйшы час, тэарэтычна напрыканцы красавіка, мы прадставім новую песню і кліп на яе. Песня называецца “Всё сразу”. Гэта яшчэ адно адгалінаванне нашай творчасці, якое я называю экстрэмальны аптымізм. То бок, гэта песня, пасля праслухоўвання якой настрой павінен проста ўзлятаць.”

Кліп на песню “Всё сразу” ужо зняты рэжысёрам Мацвеем Сабуравым у Купалаўскім тэатры і зараз знаходзіцца ў стадыі мантажу.

Дарэчы, ёсць верагоднасць таго, што новая версія песні “Мая краіна – Беларусь” у будучыні таксама набудзе відэашэраг.

Віталь Артыст: “Мне вельмі падабаецца тое, што атрымалася. Я зараз мару пра кліп на гэтую песню. Хацелася б, каб шмат людзей у ім удзельнічалі. Сцэнар кліпа знаходзіцца ў распрацоўцы”.


Трэк-ліст складанкі:

1.    Красному диску солнца [feat. Cергей Михалок] (Levitan mix)
2.    Беларусь (People mix)
3.    Птицы из Африки летят
4.    По ветру (Trip-hop mix)
5.    Мы с тобой одной крови
6.    Страна приливов (Smart mix)
7.    Танцуй 2
8.    Африка
9.    Африка (S.W.I.S. remix)
10.    Африка (Aoo&ooA Football remix)
11.    Мечтатели (Rusty Gale Dance remix)
12.    Artist ringtone
+ видео:
1.    Танцуй  
2.    Танцуй 2
3.    Птицы из Африки летят

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі