Без намёкаў. Як і за што судзяць былога прэзідэнта
Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя / калаж Улада Рубанава
За магчымыя махінацыі падчас перадвыбарчай кампаніі былы прэзідэнт апынуўся на лаве падсудных.
Еўрарадыё разбіраецца, як і за што судзяць Дональда Трампа. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя.
45-ы прэзідэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп стаў першым амерыканскім кіраўніком, якога афіцыйна абвінавацілі ў здзяйсненні злачынства. Вінаваты ён ці не — гэты вердыкт прысяжным яшчэ трэба будзе вынесці.
Пракуроры абвінавачваюць экс-прэзідэнта ЗША ў тым, што ён уступіў у змову з мэтай незаконнага ўплыву на вынікі выбараў 2016 года з дапамогай серыі выплат за маўчанне. То-бок за тое, што спрабаваў з дапамогай грошай паспрабаваць схаваць нязручныя эпізоды, якія маглі б нанесці шкоду яго іміджу, а значыць, і кандыдатуры.
Пра гэта гаворыцца ў абвінаваўчым заключэнні па 34 пунктах. Трамп цвёрда заявіў, што невінаваты, перад суддзёй, які адразу ж папярэдзіў: у зале суда трэба ўстрымлівацца ад рыторыкі, якая можа распаліць варажнечу або выклікаць беспарадкі.
Пасля паседжання суда Трамп палічыў, што лепш за ўсё не размаўляць з журналістамі. Перад гэтым ён звярнуўся да сваіх прыхільнікаў ва ўласнай сацыяльнай сетцы Truth Social, у якую перайшоў пасля таго, як ягоная старонка была заблакаваная ў Twitter за тое, што пасля публікацый там будынак Капітолія штурмавалі яго прыхільнікі 6 студзеня 2021 года.
“Накіроўваюся ў Ніжні Манхэтэн, у будынак суда. Гэта ўсё здаецца такім нерэальным — ваў, яны збіраюцца мяне арыштаваць. Не верыцца, што гэта адбываецца ў Амерыцы. Зробім Амерыку зноў вялікай!” — напісаў ён.
16-старонкавае абвінаваўчае заключэнне змяшчае новыя падрабязнасці пра схему, якая, паводле абвінаваўцаў, уключала шматлікія выплаты. У тым ліку і дзвюм жанчынам, якія заявілі, што некалькі гадоў таму ў іх былі пазашлюбныя сексуальныя сувязі з Трампам. Сярод іх — порнаакторка Стормі Дэніэлс, якая пагадзілася не выдаваць інфармацыю пра сувязь з Трампам напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2016 года. Мяркуецца, што ён выплаціў жанчыне $130 тысяч.
Абвінавачанні супраць Трампа грунтуюцца на паказаннях яго былога адваката Майкла Коэна, які ў 2018 годзе быў адпраўлены ў турму. Прычынай сталі парушэнні, дапушчаныя падчас фінансавання прэзідэнцкай кампаніі і выплаты падаткаў. Коэн прызнаў віну і ўвогуле правёў 13,5 месяца ў турме і яшчэ паўтара года — пад хатнім арыштам. Яго таксама абавязалі выплаціць $50 тысяч.
У 2019 годзе Коэна пазбавілі права займацца юрыдычнай дзейнасцю ў штаце Нью-Ёрк, а ў канцы 2021 года выпусцілі з-пад хатняга арышту. Абвінавачанні што да фінансавання перадвыбарнай кампаніі з'явіліся пасля таго, як стала вядома, што менавіта Коэн дапамог арганізаваць выплаты порнаакторцы Стормі Дэніэлс і мадэлі Карэн Макдугал. Сам Трамп адмаўляў, што калі-небудзь уступаў у адносіны з імі.
Самі па сабе такія выплаты парушэннем закона не з'яўляюцца. Але, як гавораць прадстаўнікі абвінавачання, Трамп разам са сваім адвакатам аформіў гэтую транзакцыю як плату за юрыдычныя паслугі. А вось гэта ў штаце Нью-Ёрк лічыцца фальсіфікацыяй папер і караецца крымінальным артыкулам.
Бок абароны катэгарычна абвяргае абвінавачанні і кажа, што справе 45-га прэзідэнта ЗША надаюць зашмат увагі.
“Абвінаваўчы акт паказвае, што верхавенства закона памерла ў гэтай краіне, бо, хоць ніхто і не вышэйшы за закон, ніхто не стаіць і ніжэй за яго. І калі б імя гэтага чалавека не было Дональд Трамп, не было б сцэнара, пры якім мы б усе сабраліся тут сёння”, — рэзюмаваў адвакат экс-прэзідэнта ЗША Джо Такопіна.
Трамп у сацсетках напісаў, што крымінальны суд Манхэтэна — "вельмі несправядлівае месца для разгляду справы", аднак не прывёў ніякіх доказаў гэтай "несправядлівасці".
Ён заклікаў перанесці паседжанне на Статэн-Айленд, дзе мясцовыя рэгулярна аддаюць перавагу рэспубліканцам.
Дзейны прэзідэнт ЗША Джо Байдэн устрымаўся ад каментароў, звязаных са скандалам вакол судовай справы Трампа. Напярэдадні, 3 красавіка, на мерапрыемстве ў штаце Мінесота ён толькі сказаў журналістам, што ў яго няма ніякіх асцярог што да магчымых беспарадкаў у Нью-Ёрку ў сувязі з гэтым працэсам, заявіўшы: "Я веру ў паліцэйскае ўпраўленне Нью-Ёрка".
“Калі мы ўпершыню даведаліся пра абвінаваўчае заключэнне, прэзідэнту загадзя не дакладвалі. Пра гэта паведаміў кіраўнік яго офіса. І ён даведаўся пра гэта гэтак жа, як і ўсе вы, з рэпартажаў. Зноў жа, наша ўвага цяпер засяроджаная на амерыканскім народзе. І я проста не буду каментаваць якую-кольвек незавершаную справу”, — заявіла прэс-сакратар Белага дома Карын Жан-П'ер.
Паводле юрыстаў, да пачатку судовага разбіральніцтва пройдзе яшчэ мінімум больш чым год. Абвінавачанне і нават асуджэнне не пазбаўляе Трампа права балатавацца ў прэзідэнты, а выбары ўжо праз год.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.