БХК патрабуе стварыць парламенцкую камісію па расследаванні катаванняў

Перфоманс, прысвечаны катаванням у ізалятары / Еўрарадыё
Перфоманс, прысвечаны катаванням у ізалятары / Еўрарадыё

Беларускі Хельсінкскі камітэт звярнуўся ў Нацыянальны сход Беларусі з патрабаваннем стварыць парламенцкую камісію па расследаванні катаванняў. Таксама праваабаронцы прапануюць людзям пісьмова — праз пошту ці афіцыйны e-mail — звярнуцца да сваіх дэпутатаў з просьбай ініцыяваць стварэнне такой камісіі.

БХК адзначае, што факты масавых катаванняў і актаў жорсткасці, учыненых у сувязі з палітычнымі перакананнямі людзей, дастаткова відавочныя. Гэта дзеянні, прадугледжаныя артыкулам 128 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. "У адпаведнасці з міжнародным правам і нацыянальным заканадаўствам ніякія выключныя абставіны, у тым ліку ўнутраная палітычная нестабільнасць, не могуць служыць апраўданнем катаванняў, а загады вышэйстаячых начальнікаў ці прадстаўнікоў дзяржаўнай улады з'яўляліся самі па сабе злачыннымі і не падлягалі выкананню. Няведанне гэтых прадпісанняў закона не служыць апраўданнем і не вызваляе вінаватых ад адказнасці", — лічаць у Беларускім Хельсінкскім камітэце.

Камісія з дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і чальцоў Савета Рэспублікі павінна будзе расследаваць абгрунтаванасць і адэкватнасць прымянення беларускімі сілавікамі арсенала спецыяльных сродкаў, у тым ліку агнястрэльнай зброі, светлашумавых гранат, слезацечнага газу для падаўлення акцый пратэсту. Таксама трэба будзе расследаваць факты масавых катаванняў і жорсткага і бесчалавечнага абыходжання з адміністрацыйна затрыманымі за ўдзел у акцыях пратэсту.

Поўны тэкст заявы БХК можна прачытаць тут.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі