Бліжэй да расійскага рубля ў Беларусі? Чаканні ад бану на валютныя таргі ў Расіі

Ваганні на расійскай валютнай біржы адаб'юцца на Беларусі, кажуць эксперты

Ваганні на расійскай валютнай біржы адаб'юцца на Беларусі, кажуць эксперты / pixaby.com

Эканамісты зноў звяртаюць увагу на небяспечную залежнасць беларускіх грашовых пытанняў ад Расіі.

Днямі кіраўніца Цэнтрабанка Расіі Эльвіра Набіуліна заявіла, што яны гатовыя да санкцый супраць Маскоўскай біржы. Раней пад блакаванне ЗША трапіла СПБ-біржа, і яна спыніла таргі. Рызыка, што такі самы лёс напаткае Маскву, апошнім часам актыўна абмяркоўваецца ў Расіі. І вось Набіуліна наважылася зняць трывогу па гэтым пытанні. Яна сказала, што ў выпадку санкцый курсы валют будуць вызначацца па-за біржай, і гэта наўрад ці моцна паўплывае на курсы долара або еўра.

Ці ёсць нам увогуле справа да таго, што робіцца на валютнай біржы ў Расіі, і калі так, то ці зачэпяць імаверныя санкцыі ЗША адносна Масквы і нас? Еўрарадыё папрасіла патлумачыць гэта эканаміста Дзмітрыя Крука:

— Біржа — тое месца, дзе ідуць сесіі гандлю, пасля якіх афіцыйна вызначаецца курс рубля. Я б такую аналогію правёў: дзве каманды гуляюць у футбол, і ёсць санкцыі ў дачыненні да стадыёна. І паўстае пытанне, дзе будзе праводзіцца гэта гульня. Вось тут тое самае: дзе будзе адбывацца гандаль і якім чынам будзе вызначацца курс? Тое, што сказала Набіуліна, як я разумею, значыць, што нібыта хвалявацца не варта. І ў такім выпадку афіцыйны курс будзе вызначацца па выніках гандлю на пазабіржавым рынку, то-бок паміж банкамі. І што яны гатовыя да такога развіцця падзей. Сэнс у тым, што гэта нібыта не прывядзе да істотнага вагання курсу.

Сёння на расійскім рынку значная частка гандлю адбываецца па-за межамі Расіі.

— Расійскія кампаніі спрабуюць не завозіць валютную выручку ў краіну, і патэнцыйна гэта тое, што мы бачылі ўвосень: любыя, нават неістотныя шокі маглі весці да істотных ваганняў курсу. Адпаведна, тое, што спрабуе зрабіць Набіуліна — перадухіліць такія асцярогі з боку ўсіх, для каго курс мае значэнне, — дадае эканаміст.

— Ці адаб’ецца гэта ў выніку на Беларусі, на нашай эканоміцы, на курсах валют?  

— Тое, што на Беларусь гэта будзе ўплываць, — безумоўна, бо мы апошнія гадоў пяць як мінімум бачым, што любыя ваганні курсу ў Расіі амаль цалкам паўтараюцца ў Беларусі. І тут прычына вельмі простая, пра што ўсе калегі ў адзін голас кажуць не першы год: беларускі рубель фактычна паўтарае траекторыю расійскага рубля. 

Расія пачне навязваць Беларусі расійскі рубель?

Эканаміст Яраслаў Раманчук у эфіры Еўрардыё падзяліўся сваім катастрафічным сцэнарам развіцця падзей у выпадку, калі санкцыі ЗША ўсё ж заблакуюць працу Маскоўскай біржы.

— Па сутнасці, у нас няма рынкавага курсу долара. Тое, што мы маем, адмініструецца, кантралюецца, і ў Расіі, і ў Беларусі. Калі не будзе гандлю, я думаю, што ціск на расійскі рубель будзе павялічвацца, эміссія расійскага рубля будзе таксама павялічвацца. Гэта азначае, што Расія будзе прымушаць — а гэта зноў пагроза для Беларусі ў 2024 годзе, — каб Беларусь перайшла на расійскі рубель.

Яны скажуць: глядзіце, 85% разлікаў паміж нашымі краінамі — гэта расійскі рубель, дык навошта вам гэты беларускі рубель патрэбны?

Нашмат важнейшае пытанне, чым тое, якім будзе курс долара ў Беларусі, на думку Яраслава Раманчука, перад Беларуссю стаіць такое: ці адаб'ецца кіраўнік Нацбанка РБ Калаўр разам з Лукашэнкам ад ціску Набіулінай і Пуціна што да ўвядзення расійскага рубля?

І хоць апошнім часам наўпрост пра гэта на найвышэйшым узроўні не заяўлялася, эканаміст лічыць, што нельга выключаць такую магчымасць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі