:B:N: прэзентавалі свой найлепшы альбом "Шукай сваё" (слухаць)
Падчас запісу альбома музыкі шмат эксперыментавалі і нават запрасілі прафесійных бэк-вакалістаў з аркестра Фінберга.
Гурт :B:N: прэзентаваў на партале Tut.by свой чацвёрты альбом "Шукай сваё".
"Хай кожны слухач знойдзе сябе і сваё шчасце. На гэтым складаным шляху заўсёды будзе шмат перашкод, але каханне і аптымізм дапамогуць пераадолець "попел шэрых дзён" і дасягнуць сваёй "вышыні", — кажа лідар гурта Алесь Лютыч.
Падчас запісу альбома музыкі шмат эксперыментавалі. Напрыклад, для запісу барабанаў была прыдуманая канструкцыя з разсунутых экранаў з дрэва і каменю. А для выканання загалоўнай кампазіцыі "Шукай сваё" музыкі запрасілі прафесійных бэк-вакалістаў — Андрэя Пятрова з аркестра Фінберга і Валіка Мяцельскага з дзяржаўнай капэлы імя Шырмы. Апроч сваіх партый, спевакі яшчэ запісалі мноства вакальных эфектаў, якія імітуюць музычныя інструменты.
"У выніку атрымаўся альбом, які мы лічым лепшым у гісторыі гурта па гучанні. Мы лічым, што гэта самая яркая, прафесійная і зладжаная праца калектыву. Мы сваё слова сказалі! Мы шукалі і знайшлі сваё. А што з гэтай нагоды скажаце вы?" — звяртаюцца да слухачоў ўдзельнікі :B:N:.
Альбом склалі 9 кампазіцый, некаторыя з іх ужо вядомыя слухачам Еўрарадыё. 29 сакавіка гурт прадставіць альбом на вялікім канцэрце ў клубе Re:Public. Прэзентацыі дыска адбудуцца таксама ў Польшчы, Літве, Украіне і Расіі.