:B:N: “Шукай сваё”

Бярозаўска-мінскі гурт :B:N:, які летась адсвяткаваў сваё 15-годдзе, выдаў чацвёрты студыйны альбом “Шукай сваё”. Новы дыск музыкі называюць “самым лепшым у гісторыі калектыву”. Альбом быў запісаны ў амаль цалкам змененым складзе: з арыгінальнага :B:N: застаўся толькі лідар Алесь Лютыч. А зводзіўся і майстраваўся ён згодна з моднымі беларускімі тэндэнцыямі: на кіеўскай студыі Змітра Іванея. Менавіта там, дзе рабіліся альбомы Akute, "J:морс", OpenSapce. І вось што дзіўна! Нягледзячы на такія, падавалася б, кардынальныя змены, гучанне калектыву амаль не змянілася. Відаць, Алесь дакладна ведае, чаго хоча, трымае музыкаў сталёвай хваткай і ўсе аранжыроўкі збольшага сыходзяць менавіта з яго пяра з мінімальным праўкамі ад астатніх удзельнікаў. На “Шукай сваё” хлопцы працягваюць аддана несці свой сцяг, некалі падхоплены ў N.R.M. Пры гэтым “бээнаўская” адкрытасць, энергічнасць, прастата і зразумеласць ва ўсім падкупляе неверагодна.

Тэксты гурта па-ранейшаму застаюцца крыху па-юнацку максімалісцкімі. Але ці не гэта і ёсць асноўны фактар таго, што :B:N: не гучаць штучна? Мабыць, менавіта з-за гэтага перакананне, што музыкі самі абсалютна шчыра вераць у тое, што спяваюць, становіцца аксіёмай. Паддае тут жару і крыху заціснуты вакал Лютыча, які ад песні да песні раптам адкрываецца ў прыпевах і паглынае эмоцыямі.

Напэўна, самая моцная навінка ў гучанні :B:N: — з’яўленне бубнача Змітра Харытановіча. Яго каронныя мелізмы паўсюль. Калі пачынаеш прыслухоўвацца, проста ўзрываецца мозг ад колькасці ўдараў там, дзе іншы бубнач зрабіў бы адзін. А гэта, натуральна, робіць гучанне больш шчыльным, рэзкім і прывабным. Але пры гэтым асабліва не змяняе ні стылістыку, ні агульнае ўражанне ад гурта.

І зноў жа, не адыходзячы ад традыцыі, сярод баевікоў альбома хаваюцца і два прыгожыя а-ля баладныя трэкі. Варта адзначыць, што яны ў :B:N: атрымліваюцца вельмі ўдала. Каб такіх “медлякоў” было болей, гэта стоадсоткава сыграла б на карысць! Ва ўсялякім выпадку, уражанне дакладна б не пагоршылася. Адна з балад дала назву дыску “Шукай сваё”. Але калі выбіраць менавіта з двух гэтых трэкаў, то “Палюсы” значна больш моцныя, эмацыйныя і запамінальныя. Відаць, назва не такая гаваркая, але тым не менш...

У выніку слухаеш “Шукай сваё:B:N: і разумееш, што ў музыкаў ёсць усё неабходнае, але пры гэтым нібыта нічога і няма. Выключны канцэртны бэнд, які хочацца бачыць на сцэне, скакаць пад яго, выцягваць разам з Лютычам высокія прыпевы, знаёміцца, цалавацца — карацей, увесь неабходны рок-н-рольны фарш. Але пры гэтым матэрыял настолькі хутка і прафесійна зліваецца ў адзін задаўгі трэк, што ўзгадаць якая песня была другой, а якая восьмай, ужо робіцца складаным. Тым больш, новы альбом не мае такіх знакавых для гурта хітоў, як “Жыве рок-н-рол”, ці “Дажджамі”. А шкада!

Трэк-ліст:

  • 01 – Цені
  • 02 – Гладыятары
  • 03 – Паралельны свет
  • 04 – Попел
  • 05 – Вышыня
  • 06 – Вяртанне
  • 07 – Палюсы
  • 08 – Сапраўдны
  • 09 – Шукай сваё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі