Прэзентацыя на Еўрарадыё: акустычны фартэпіянны праект гурта :B:N:
Праект будзе прэзентаваны падчас канцэрта ў гонар 15-годдзя каманды.
Паэксперыментаваць з фартэпіяннай праграмай лідару :B:N: Алесю Лютычу прапанавала знаёмая піяністка, Ірына Малькова (“IrMa”). Музыкі зрабілі некалькі песень у фартэпіянных аранжыроўках і, задаволеныя вынікам, вырашылі запісаць гэтыя кампазіцыі. Так былі напісаныя новыя аранжыроўкі для чатырох песень гурта: “Палюсы”, “Дажджамі” (у дуэце з Яўгеніяй "ПЧОЛКАЙ" Хіло), “Не трывай”, “Нас няма” ( у дуэце з Ірынай Мальковай).
“Мы вырашылі зрабіць пакуль 3-4 песні, каб паглядзець, як гэта будзе ўспрынята слухачамі, — распавядае Алесь Лютыч. — Адну з кампазіцый ў фармаце “piano” мы сыграем і падчас нашага юбілейнага канцэрта. Магчыма, захаваем гэтую праграму з большай колькасцю песень для якога-небудзь невялікага канцэрта”.
Тым часам музыкі актыўна рыхтуюцца да юбілейнага канцэрта, прысвечанага 15-годдзю :B:N:. Падчас імпрэзы гурт прэзентуе свой новы кліп на песню “Попел”, якая ўвойдзе ў пяты нумарны альбом каманды. Здымкі для адной з сюжэтных ліній кліпа праходзілі ў закінутым піянерскім лагеры пад Мінскам. Другая частка відэа, у фармаце “love story”, здымаецца акурат цяпер.
На юбілейны канцэрт запрошаныя і госці — на сцэну разам з :B:N: выйдуць Аляксандр Кулінковіч, Аляксандр Памідораў і Алег Хаменка. Таксама плануецца, што ў імпрэзе возьме ўдзел былы гітарыст гурта Максім Літвінец.
Што тычыцца новага альбома, чакаецца, што пласцінка ўбачыць свет у 2015 годзе. Цяпер альбом знаходзіцца на стадыі звядзення ў студыі Змітра Іванея, з якім ужо паспелі папрацаваць беларускія гурты Akute, J:морс, Open Space.
“Мне проста падабаецца тое, што мы робім! — сціпла апісвае будучую пласцінку Алесь Лютыч. — Наша музыка стала цікавейшай па аранжыроўках. Вельмі добра, што ўсе музыкі ведаюць сваю справу і адказна ставяцца да гэтага”.
Юбілейны канцэрт гурта :B:N: адбудзецца 26-га лістапада ў клубе “Re:Public”.