Падчас юбілейнага канцэрта :B:N: падарылі плацінавы дыск і адразу 2 кліпы

За час, што :B:N: выступае новым складам, каманда заўважна сыгралася і выйшла на новы прафесійны ўзровень. Пры гэтым жаданне ісці наперад і рабіць “сапраўднае шоў” скразіла ў гэты вечар ва ўсім — ва ўпэўненай манеры трымацца на сцэне, у новых аранжыроўках, ва ўзаемадзеянні з публікай. Перамены да лепшага адзначае і былы гітарыст :B:N:, Максім Літвінец, які ў гэты вечар сыграў сумесна з гуртом некалькі песень:

 Максім Літвінец

“Плюс :B:N: у тым, што нават у самыя складаныя часы мы былі заўжды вернымі сабе, спявалі выключна на беларускай мове. Хоць было шмат момантаў, калі нас “схілялі” да таго, каб пачаць спяваць па-руску. Я лічу, што змены ў складзе сталі новым штуршком — час расставіў усё на свае месцы і гэта станоўчы момант для каманды. Новае дыханне, новыя песні, новы энтузіязм. Але мая гітара ляжыць і чакае свайго часу!” — смяецца Максім.

Рэакцыя залы ўражвае не меньш, чым тое, што адбваецца на сцэне. Раскіданыя па сэт-лісце старыя хіты прадказальна сустракае роў захаплення. Адзін за адным на сцэну ўзнімаюцца сябры і прыхільнікі каманды, якія віншуюць “БН-аўцаў” з юбілеем. Следам за святочным тортам, музыкі атрымалі ў падарунак…. плацінавы дыск! Такі падарунак вырашылі зрабіць удзельнікі фан-клуба :B:N:, маўляў, “эмоцыі на канцэртах настолькі зашкальваюць, што ніякімі продажамі дыскаў іх не падлічыць і не параўнаць”.

На гэтым сюрпрызы не скончыліся: следам за прэзентацыяй кліпа на песню “Попел”, якая ўвойдзе ў наступны альбом гурта, на экране з’яўляецца яшчэ адно відэа — адмысловая відэаінсталяцыя да песні “Крок за крокам”. Так фан-клуб :B:N: робіць для любімага гурта яшчэ адзін падарунак:

“На канцэртах :B:N: стала традыцыяй садзіцца падчас песні “Загінулым паэтам”, гэта быў адзіны флэшбом за усе гады. Мы вырашылі гэтую справу выправіць! — распавядае аўтар ідэі Дар’я Дзем’яновіч. — Спачатку з’явілася прапанова зрабіць відэа-шэраг з фотаздымкаў. Але пасля мы вырашылі, што гэта будзе сумнавата”.

Самі музыкі нічога пра гэта не ведалі. Перад выкананнем песні Дар’я і і іншыя ўдзельнікі фан-клуба запрасілі гурт :B:N: спусціцца у залу, каб музыкі маглі паглядзець відэа сумесна з гледачамі.

“Відэа атрымалася вельмі кранальным і мы вельмі рады, што ў нас такі сапраўдны фан-клуб! — дзеліцца эмоцыямі Алесь Лютыч. — Я чакаў ад гэтага канцэрта менавіта добрага драйву, настрою. А нашы прыхільнікі толькі яшчэ раз даказалі тое, што трэба граць і ствараць новыя песні!”

На сцэну адзін за адным узнімаюцца госці — Аляксандр Памідораў, пры ўдзеле якога гурт выконвае “Спіралі”. Гучыць фартэпіянны сэт сумесна з Ірынай Мальковай , некалькі песень з :B:N: сыграў экс-гітарыст гурта Максім Літвінец. “На біс” — непазбежная “Канюшня”, да выканання якой далучаецца Алег Хаменка. З нагоды юбілею лідар "Палаца" прыгадаў, што некалі Алесь Лютыч быў яго студэнтам ва Універсітэце культуры і выдатна здаў прадмет на “9”. “А цяпер у Алеся вытворчая практыка”, — пажартаваў Алег Хаменка.

Падчас канцэрта Алесь Лютыч узгадвае, што у той жа самы час на другой мінскай пляцоўцы — Мінск-Арэне — “выступае” яго малодшы брат Віталь, удзельнік мінскай баскетбольнай каманды “Цмокі-Мінск”. Калі нарэшце матч заканчваецца, у паўзе паміж песнямі зала ўзрываецца пераможным хорам: “Чып! Алесь! “Цмокі” выігралі, ура!”. Пасля гульні Віталь Лютыч адразу ж прыязджае на канцэрт.

“Быць братам Алеся Лютыча — адначасова і проста, і складана, — тым часам распавядае Еўрарадыё старэйшы з братоў Лютычаў, Зміцер. — Ён і “дамашні” вельмі, і зорка! Але ён артыст, і насамрэч, так і мусіць быць! (смяецца) Я ніколі не раіў Алесю “завязаць” з музыкай, ён доўга да гэтага ішоў, і няхай ідзе далей! Я наадварот па-братэрску некалі вучыў граць яго на гітары! А малодшага брата, Віталіка, у баскетбол! Давялося быць настаўнікам малодшым братам, яны малайцы! Таму цяпер ганаруся імі!”

Падтрымаць :B:N: прыехалі не толькі браты, але і шматлікія фанаты гурта з Бярозы. Падыходзім да “бярозаўскай дыяспары”, каб даведацца, што цікавага кажуць пра каманду на яе радзіме.

“Пра гурт :B:N: у Бярозе нічога не кажуць, бо яны ў Бярозе не выступаюць! — крыху рэўнасна, але ўсё ж жартліва кажа адзін з хлопцаў, якія ўвесь канцэрт актыўна адрываліся на “трэцім” паверсе клуба. — Яны ж у Мінску граюць, тут іх лепш ведаюць!”

“Ды яны афігеўшыя мажоры! Вядома, ім столькі плацяць! Віскі п’юць!” — заліваецца смехам яшчэ адзін з сяброў :B:N:.

“У Бярозе ганарацца гуртом :B:N:, — дадаюць хлопцы побач. — Мы ўжо 15 гадоў ездзім за імі на канцэрты! Проста некалі мы былі ў кедах і сандалях, а цяпер у пінджаках і гальштуках. Мы спадзяемся, што сваё 20-годдзе яны адзначаць у Мінск-Арэне, сёння яе проста Лютыч-малодшы заняў!”

У натоўпе сустракаем юнака, якога :B:N: натхнілі …. на стварэнне ўласнага гурта! Пакуль у творчасці новай каманды толькі каверы на любімы гурт, а яго лідар, Зміцер, кажа, што не прапускае ніводнага канцэрта :B:N:.

“Яны мяне пазнаёмілі з беларускай музыкай. Дзякуючы БН я пачаў пісаць песні на беларускай мове, яны сталі маімі натхняльнікамі. Яны з’яўляюцца прыкладам для мяне, і зараз мы з сябрамі ўжо сабралі гурт і пачалі рабіць каверы менавіта на :B:N:, а што тычыцца ўласнай творчасці — будзем імкнуцца да іх ўзроўню”.

Еўрарадыё таксама віншуе гурт :B:N: і ўсіх, хто быў яго часткай цягам апошніх 15 гадоў. І жадаем не цягнуць з “Мінск-Арэнай” да 20-годдзя!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі