“Больш цяжкіх выпадкаў” — доктар пра другую хвалю каранавіруса
Паводле Мінздароўя, другая хваля каранавіруса ў Беларусі цяпер знаходзіцца ў самым разгары. Звестак пра сітуацыю ў рэгіёнах краіны няшмат, таму поўнай карціны таго, што адбываецца, у беларусаў няма.
Адзін з медыкаў з Віцебска на ўмовах ананімнасці расказаў Еўрарадыё пра тое, што цяпер адбываецца ў рэгіёне. Па словах в. а. Дзмітрыя Піневіча, у вобласці пакуль назіраецца прырост новых выпадкаў COVID-19.
— Па вялікім рахунку, усё без змен. Паступленні больш-менш стабілізаваліся, — расказвае віцебскі доктар.
У лякарні, дзе працуе суразмоўнік Еўрарадыё, новых пацыентаў з каранавірусам цяпер менш, чым было на пачатку другой хвалі. Але ж аптымізму не шмат.
— Уражанне, што хвароба праходзіць цяжэй, чым вясной, — адзначае медык. — Цяпер болей нагрузкі на рэанімацыю.
Вясной шмат хворых “забірала” абласная лякарня. У другую хвалю асноўная нагрузка пакуль што прыходзіцца на іншыя медустановы Віцебска.
— Па дзвюх лякарнях магу сказаць, што з касцюмамі [ахоўнымі. — Еўрарадыё] праблем няма. Цяпер праблема не вырашаная адна: не хапае добрай тэхнікі. Апаратаў ШВЛ высокага класа, дазатараў, манітораў, лабараторных аналізатараў КШС [кіслотна-шчолачнага стану. — Еўрарадыё].
Па словах доктара, у гэтую хвалю адчуваецца і большая нагрузка на медперсанал: шмат хто з лекараў і медсясцёр хварэе.
У канцы мінулага тыдня кіраўнік Мінздароўя Дзмітрый Піневіч заявіў пра тое, што цяпер на піку пандэміі знаходзяцца Мінск, Мінская і Гродзенская вобласці. Калі вы маеце якую-небудзь інфармацыю пра гэта — напішыце, калі ласка, нам у бот у “Тэлеграме”!
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.