Больш за 100 беларускіх музеяў удзельнічаюць у акцыі "Ноч музеяў" (відэа)
Беларусь ужо дзявяты раз далучаецца да міжнароднай акцыі "Ноч музеяў". Акцыя прымеркаваная да Міжнароднага дня музеяў — 18 траўня.
Сёння больш за 100 дзяржаўных музеяў краіны, а таксама мастацкія галерэі ў Мінску і рэгіёнах прапануюць разнастайныя культурныя праграмы.
Нацыянальны мастацкі музей ладзіць 16 культурных праектаў, аб'яднаных матывам твора "Беларусь у фантастычных апавяданнях" Яна Баршчэўскага.
Нацыянальны гістарычны музей сёлета робіць акцэнт на лічбе 13 і спрабуе аспрэчыць міф пра тое, што гэтая лічба нешчаслівая. Наведвальнікі акунуцца ў атмасферу Мінска 1913 года, Масквы 1813-га і г.д. У залах музея на працягу ўсёй акцыі будуць працаваць джазавыя калектывы, адзначае БелаПАН.
Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы правядзе для сваіх гасцей "PaЎlinka PARTY", прымеркаваную да 100-годдзя першай пастаноўкі спектакля "Паўлінка". У рамках музейнай ночы на алеях парку імя Купалы размесціцца выстава-кірмаш самаробных вырабаў. На ганку музея пройдуць канцэрты з удзелам беларускіх груп Alta Mente, Folkmashina і "Босае сонца".
Праграма, арыентаваная на неакадэмічнае мастацтва, адбудзецца ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Адзіная ноч музеяў у літаральным сэнсе пройдзе ў Мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура, дзе да шасці гадзін раніцы 19 траўня бесперапынна будуць выступаць беларускія музычныя калектывы.
Фота — kimpress.by