Больш за 11 тысяч мігрантаў патрапілі ў Германію праз Беларусь у 2021 годзе
Мігрантка на беларуска-польскай мяжы / Gazeta Wyborcza
11 213 недакументаваных мігрантаў трапілі ў 2021 годзе ў Германію праз Беларусь. Аб гэтым піша федэральная паліцыя ФРГ.
Як паведаміла служба, колькасць мігрантаў стала павялічвацца летам. У жніўні ў краіну ўехалі 474 нелегальныя мігранты, а ў верасні ўжо 2049 чалавек. Пікам стаў кастрычнік — у гэты час у Германію змаглі патрапіць 5294 уцекача. У лістападзе паток знізіўся да 2849 чалавек, у снежні іх стала 521.
Федэральная паліцыя ФРГ нагадвае, што паколькі нямецка-польская мяжа з'яўляецца ўнутранай Шэнгенскай мяжой, яе можна перасекчы ў любы час і ў любым пункце. Але паліцыя праводзіць узмоцненыя пашуковыя мерапрыемствы ў памежнай зоне, якія ўзгоднены з польскімі пагранічнікамі.
У адносінах да асоб, якія нелегальна ўязджаюць у Германію, паведамляе ведамства, праводзіцца індывідуальная праверка, каб зразумець, ці могуць яны быць дэпартаваныя. Калі мігранты паспяваюць зрабіць запыт аб абароне ў Германіі, яны застаюцца чакаць адказу ў спецыяльных цэнтрах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.