Больш за 5 тысяч беларусаў летась папрасілі прытулку ў ЕС
Беларусы просяць палітычнага прытулку ў краінах ЕС / pexels.com
У 2022 годзе беларусы падалі 4651 запыт на атрыманне прытулку ў краінах ЕС. Такія лічбы прыводзяцца ў справаздачы агенцтва ЕС па пытаннях прадастаўлення прытулку.
451 зварот быў пададзены паўторна. Агулам летась грамадзяне Беларусі падалі 5051 запыт, адзначае reform-by.
Паведамляецца, што 88% усіх пададзеных запытаў было задаволена, а разгляд 2018 спраў яшчэ працягваецца.
Як адзначае агенцтва, летась па беларускіх запытах было прынята 4436 рашэнняў. 512 чалавек атрымалі адмовы. Статус бежанца атрымалі 423 чалавекі, а дадатковую абарону — 3501 беларус. Для параўнання: у 2021 годзе было 487 адмоваў, статус бежанца надалі 420 беларусам, а дадатковую абарону — 1046.
Агулам у 2022 годзе краіны ЕС атрымалі 966 тысяч запытаў аб наданні прытулку — гэта прыкладна на 50% больш, чым у 2021-м. Найбольшую колькасць зваротаў падалі грамадзяне Сірыі (132 тысячы) і Афганістана (129 тысяч). За імі ідуць грамадзяне Турцыі (55 тысяч), Венесуэлы (51 тысяча) і Калумбіі (43 тысячы).
Найбольш часта станоўчыя рашэнні прымаліся адносна грамадзян Сірыі, Беларусі, Украіны, Эрытрэі, Емена і Малі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.