Больш за ўсё ў Беларусі падаражэлі капуста, морква і цыбуля
Морква за паўгода падаражэла больш чым у 2,5 разы / ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Белакачанная капуста ў першым паўгоддзі падаражэла ў Беларусі амаль у тры разы (у 2,88 разы). У тройцы лідэраў па росце коштаў таксама морква (рост у 2,68 разы) і рэпчаты лук (у 2,16 разы). Пра гэта піша рэсурс "Позірк" са спасылкай на дадзеныя Белстата. Адчувальна падаражэлі за гэтыя паўгода і некаторая садавіна: вінаград (+65,32%) і грушы (+51,95%). Сур'ёзна вырасла у кошце і бульба (+42,48%).
Нехарчовыя тавары таксама даражэюць. Тут у лідарах апынуліся дывановыя дарожкі (+12,35%), жывыя зрэзаныя кветкі (+9,85%) і мужчынскія боты з футрай (+9,49%). Што тычыцца сферы паслуг, то тут прыкметна выраслі кошт квіткоў на цягнікі міжнародных зносін (+53,47%), паслугі турагенцтваў (+33,46%) і авіябілеты (+21,19%).
Нагадаем, у Беларусі дзейнічае пастанова "Аб сістэме рэгулявання коштаў", яна была прынятая ў кастрычніку 2022 года. У пераліку тавараў, цэны на якія рэгулюе дзяржава, першапачаткова было 370 пазіцый. У гэтым чэрвені пералік скарацілі. З яго прыбралі сыры з цвіллю і вэнджаныя, ялавічны фарш, а таксама некаторыя гатункі рыбы (ласосевых, асятровых, тунцовых парод), мытую бульбу, моркву і буракі, грэчку і рыс у варачных пакетах, а таксама шэраг іншых прадуктаў і нехарчовых тавараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.