Брэсцкага блогера асудзілі за арганізацыю пратэсту супраць акумулятарнага завода

Брэсцкага блогера асудзілі за арганізацыю пратэсту супраць акумулятарнага завода

Суд Ленінскага раёна Брэста 28 лютага прызнаў блогера Аляксандра Кабанава вінаватым у парушэнні парадку арганізацыі мерапрыемства паўторна на працягу года, піша tut.by. Яго аштрафавалі на 1225 рублёў (50 базавых велічыняў). 

Актывіста вінавацілі ў закліках да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі. Маўклівы пратэст супраць будаўніцтва акумулятарнага завода прайшоў у Брэсце 25 лютага. Паводле ацэнкі праваабаронцаў, у акцыі прынялі ўдзел больш за 100 чалавек.

Падтрымаць Кабанава ў суд, як распавёў праваабаронца Раман Кісляк, прыйшло вельмі шмат людзей: некаторым нават давялося стаяць на калідоры, бо не хапіла месца ў зале. 
 
Таксама сёння будзе разглядацца адміністрацыйная справа на яшчэ аднаго брэсцкага блогера — Сяргея Пятрухіна. Яго таксама вінавацяць у закліках да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі пратэсту.

Кабанава і Пятрухіна затрымалі ўвечары 23 лютага ў Брэсце. Выходныя яны правялі ў ізалятары часовага ўтрымання. Суд пачаўся 26 лютага. І абодва блогеры хадайнічалі аб прадастаўленні адваката, таму пасяджэнне перанеслі на 28 лютага.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі