Брэсцкая мытня прайграла чарговы судовы працэс па справе “Мазды 3”

Нагадаем, што лёс канфіскаваных прататыпаў новай “Мазды 3” вырашаў суд Маскоўскага раёна Брэста. Вартаўнікі мяжы настойвалі, што вывозіць машыны з Беларусі павінны былі тыя ж асобы, што і ўвозілі іх у Мытны саюз.

Аднак суд стаў на бок арганізатараў аўтапрабегу і пастанавіў вярнуць прататыпы.

Мытня абскардзіла гэтае судовае рашэнне. Касацыя разглядалася яшчэ летась 19 снежня.    

“Пастанова суда Маскоўскага раёна Брэста пакінутая без зменаў”, — паведамілі Еўрарадыё ў Брэсцкім абласным судзе. 

Брэсцкая мытня зноўку прайграла, але здавацца не збіраецца.

“На гэта рашэнне складзена скарга і накіравана на імя старшыні суда, — паведамляе Еўрарадыё Зоя Козіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы Брэсцкай мытні. — Калі пасля гэтага рашэнне па-ранейшаму застанецца правамоцным, то мытня будзе звяртацца ў чарговую інстанцыю (у Вярхоўны суд. — заўв. Еўрарадыё). Для нас існуе нарматыўны акт, які ўдзельнікі акцыі парушылі. Яны перадавалі права кіравання”.

Прыгоды прататыпаў “Мазда 3” у Беларусі могуць выкруціцца і ў плюс для аўтавытворцаў. Больш чым паўгадовы прастой хай сабе і новых машын на адкрытай штрафстаянцы — істотнае выпрабаванне для аўтамабіля. І не кожная машына такую паласу перашкодаў вытрымае.

Гэты нюанс для Еўрарадыё тлумачыць дасведчаны мінскі аўтамеханік Сяргей Пархімчык. Нядаўна спецыяліст прыбіраў наступствы ўсяго двухтыднёвага прастою адной машыны.

“Яна прастаяла ў сырое надвор’е ўсяго 14 дзён. Гаспадар вярнуўся з-за мяжы — а ў яго заклінаваў руль, таму што карданчык саржавеў і акісліўся. З-за прастою гаспадар садраў адну фрыкцыйную накладку з тармазной калодкі. То бок вось такія непрыемныя моманты. А машына не ездзіла толькі два тыдні”.

У той жа час майстар тлумачыць, што некаторыя машыны стаяць калом і паўгода, але з імі нічога дрэннага не здараецца. Галоўнае — каб у кузаў не трапляла вада.  Але зазвычай бываюць праблемы з электраправодкай і тармазной сістэмай. Таму прастой на брэсцкай штрафстаянцы пакажа, наколькі новыя “Мазды” ўдалыя для нашага клімату. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі