Брэсцкі аблвыканкам хоча вярнуць 5,7 млн рублёў, вылучаныя на акумулятарны завод
З кампаніі Віктара Лемяшэўскага "АйПаўэр" Брэсцкі аблвыканкам патрабуе вярнуць 5,7 мільёна рублёў. Гэтыя грошы былі вылучаныя з абласнога інавацыйнага фонду на будаўніцтва акумулятарнага завода пад Брэстам.
Пра тое, што аблвыканкам разарваў з кампаніяй "АйПауэр" дамову пра вылучэнне сродкаў, казаў кіраўнік вобласці Анатоль Ліс. Грошы на будаўніцтва акумулятарнага заводу вылучаліся з бюджэту, бо ён быў прызнаны інавацыйным праектам. Згодна з дамовай, завод мусіў быць уведзены ў эксплуатацыю да 1 жніўня 2019 года. Афіцыйна завод так і не пачаў працу. Таму 14 жніўня аблвыканкам накіраваў у кампанію ліст з патрабаваннем вярнуць грошы.
Суму патрабаванняў на сустрэчы з праціўнікамі будаўніцтва завода агучыў кіраўнік камітэта эканомікі Брэсцкага аблвыканкама Міхаіл Бацэнка. "Яны не выканалі сваю частку дамовы, таму Рэспубліка Беларусь мае права ў аднабаковым парадку адмовіцца ад сваіх абавязанняў. Дамова скончылася 31 ліпеня, і яе ніхто працягваць не будзе", — прыводзіць Радыё "Свабода" словы чыноўніка.
Бацэнка дадаў, што грошы для кампаніі "АйПауэр" вылучаліся таксама з Беларускага інавацыйнага фонду — 4,6 мільёна рублёў. Наконт прэтэнзіяў па гэтай суме пакуль нічога не вядома.
Вярнуць грошы ў бюджэт Брэсцкай вобласці "АйПауэр" павінна да 14 верасня.
Нагадаем, што кіраўнік кампаніі Віктар Лемяшэўскі знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ у Мінску. Яго і некаторых іншых службовых асобаў кампаніі вінавацяць у даванні хабару. Як казаў старшыня КДБ Валерый Вакульчык, разам з Лемяшэўскім затрыманыя два чыноўнікі Мінпрыроды.