Брэсцкі гарвыканкам параіў шукаць адказы на запыты ў інтэрнэце.

Па словах аднаго з аўтараў звароту Ігара Маслоўскага, большасць задач органаў грамадскага самакіравання адпавядае праграмнай дзейнасці кампаніі “Гавары праўду” і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). На думку актывіста, супрацоўніцтва карысна адлюстравалася б на вырашэнні некаторых праблемных для горада пытанняў.

“Мы лічым, што нашы мэты і задачы шмат у чым супадаюць, таму што нашыя намаганні на месцы таксама накіраваныя, напрыклад, на паляпшэнне якасці дарог, на будаўніцтва дзіцячых школ і садкоў, увогуле на паляпшэнне інфраструктуры, чым і займаюцца органы грамадскага самакіравання”, — кажа Ігар Маслоўскі.

Паводле заканадаўства, тэрытарыяльнае грамадскае самакіраванне — добраахвотная дзейнасць грамадзян на частцы тэрыторыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, дзе яны пражываюць.

Для супрацоўніцтва з імі актывістам спатрэбілася інфармацыя пра месцазнаходжанне калегіяльных органаў грамадскага самакіравання, а таксама кантактныя дадзеныя іх кіраўнікоў. Адпаведны зварот быў зроблены і ў Брэсцкі гарадскі выканаўчы камітэт, і ў гарадскі савет дэпутатаў. Пра тое, які ліст быў атрыманы ў адказ, распавядае Ігар Маслоўскі:

“Гэта адказ парадоксаў! Выканкам у сваім адказе раіць такую інфармацыю аб органах грамадскага самакіравання шукаць у глабальнай сетцы Інтэрнэт. Гэта вельмі дзіўна, бо такая інфармацыя знаходзіцца толькі ў выканаўчых органах улады”. 

Абурае актывіста і той факт, што на 2 запыты ў розныя інстанцыі прыйшоў толькі адзін адказ ад гарвыканкама. Ліст падпісаў намеснік брэсцкага мэра Мікалай Якубоўскі, які адначасова ўзяў на сябе паўнамоцтвы агучыць пункт гледжання і выканаўчай, і прадстаўнічай улады.

“Выканаўчая ўлада ў Беларусі нават фармальна не прытрымліваецца нейкіх правілаў: яна ўжо адказвае і за прадстаўнічую ўладу, якую нібыта абіраюць людзі. Гэта яшчэ раз даказвае, што прадстаўнічая ўлада на месцы фактычна нічога не вырашае”.

Па словах Ігара Маслоўскага, гэта ўнікальны выпадак: актывісты неаднаразова звярталіся са зваротамі да ўладаў, але такога адказу ў іх яшчэ не было. Чыноўнікі парушылі нормы і справаводства, і заканадаўства аб зваротах грамадзян. За парадаксальны адказ актывісты рыхтуюць скаргу на дзеянні прадстаўнікоў гарвыканкама.

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі