Брэсцкі суд адмовіўся спыняць будаўніцтва акумулятарнага завода

Брэсцкі суд адмовіўся спыняць будаўніцтва акумулятарнага завода

27 сакавіка суд Маскоўскага раёна Брэста агучыў рашэнне па справе супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, піша сайт greenbelarus.info

Заяву ў суд падавала група грамадзяна разам з грамадскім аб’яднаннем “Экадом”. Заяўнікі патрабавалі спыніць будаўніцтва завода да правядзення паўторнага грамадскага абмеркавання актуальнай справаздачы аб ацэнцы ўплыву прадпрыемства на навакольнае асяроддзе.

Кампанія “Айпаўэр”, якая вядзе будаўніцтва, і райвыканкам не пагаджаліся з выстаўленымі патрабаваннямі. Суд прыняў рашэнне на іх карысць.

Юрыст ГА “Экадом” Сяргей Магонаў, тым не менш, задаволены вынікам. Па яго словах, у судовым рашэнні замацаваныя ўсе хібы і парушэнні заканадаўства, дапушчаныя Брэсцкім райвыканкамам. 

"Па-другое, гэты праект фактычна прайшоў цяпер грамадскае абмеркаванне. Хоць яго так хавалі ад грамадскасці, маніпулявалі з датамі і са зместам справаздачы, фактычна атрымалася так, што ў судовым пасяджэнні прайшло грамадскае абмеркаванне. Грамадскасць змагла выказаць сваю думку, і гэтая думка стала вядомай нашмат шырэйшаму колу слухачоў і гледачоў, чым калі б гэтае абмеркаванне праводзілася, напрыклад, у Тэльмах у Брэсцкім раёне. Канечне, судовае паседжанне не служыць такім мэтам, але так ужо атрымалася”, — падсумоўвае Магонаў.

Цяпер "Экадом" плануе аспрэчваць дзяржаўную экалагічную экспертызу, бо без гэтага немагчыма правесці паўторнае грамадскае абмеркаванне.

Сённяшняе рашэнне суда, хутчэй за ўсё, таксама будзе абскарджвацца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі