Брэсцкіх будаўнікоў выганяюць на працу ў каталіцкія Каляды
Нараджэнне Хрыстова паводле заходняга абраду зрабілі працоўным у будтрэсце №8.
На чырвоны дзень календара прызначылі працу, каб прадоўжыць адпаведнае праваслаўнае свята. Актывіст руху “За свабоду” Раман Кісляк кажа:
Кісляк: "Я атрымаў інфармацыю ад работнікаў будтрэста №8, што заўтра іх змушаюць выйсці на працу. Заўтра Нараджэнне Хрыстова паводле грыгарыянскага календара. Іх змушаюць працаваць замест 8 студзеня. Людзей абурае такая сітуацыя, таму што частка працаўнікоў з’яўляюцца каталікамі і пратэстантамі. Для іх гэта надта важнае свята".
Праваабаронца кажа, што адміністрацыя будаўнічага трэста №8 выдала спецыяльны загад. Ён лічыць, што гэта дыскрымінацыя людзей па рэлігійнай прыкмеце. Кісляк накіраваў у Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва і Генпракуратуру электронны зварот з патрабаваннем скасаваць загад адміністрацыі брэсцкага будтрэста №8 як супярэчны беларускім законам.
Заўтра праваабаронца хоча праверыць на месцы, ці быў адменены неправавы загад.
Фота — AFP