Брэсцкія актывісты патрабуюць зачыніць Паўночныя могілкі для новых пахаванняў

Брэсцкія актывісты патрабуюць зачыніць Паўночныя могілкі для новых пахаванняў

Брэсцкія актывісты патрабуюць зачыніць Паўночныя могілкі для новых пахаванняў. З такой заявай да гарадскіх уладаў звярнуліся мясцовыя сацыял-дэмакраты.

Паўночныя могілкі знаходзяцца каля Брэста, у раёне хутараў вёскі Матыкалы. Сацыял-дэмакраты лічаць, што пахаванні на іх робяцца з парушэннямі Закона "Аб пахаваннi i пахавальнай справе". У адпаведнасці з ім, месцы пахаванняў павінны стварацца на сухой порыстай глебе, якая забяспечвае дастатковую паветрапранікальнасць і хуткае высыханне. А вось глебы Паўночных могілак такімі характарыстыкамі не валодаюць, распавядае Ігар Маслоўскі, старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП (Грамада).

Маслоўскі: “Стварэнне месцаў пахавання забараняецца на тэрыторыях са станам грунтовых вод меней за два метры ад паверхні зямлі. Тут жа гэтыя воды выходзяць на паверхню! Людзей хаваюць фактычна ў ваду! Няма ніякага добраўпарадкавання, няма ніякіх дрэнажных сістэм у той частцы, дзе цяпер адбываюцца пахаванні”.

Пасля шматлікіх просьбаў жыхароў Брэста сацыял-дэмакраты накіравалі зварот у Брэсцкі гарвыканкам, гарадскі Савет дэпутатаў, а таксама ў пракуратуру і Камітэт дзяржкантролю. Актывісты патрабуюць зачыніць Паўночныя могілкі для новых пахаванняў, а апроч гэтага правесці іх добраўпарадкаванне ў адпаведнасці з адпаведнымі стандартамі. Сацыял-дэмакраты прапануюць абсталяваць усю тэрыторыю могілак дрэнажнай сістэмай каналізацыі. Гэта трэба, каб дажджавыя і талыя воды адводзіліся па падземных сетках з тэрыторыі месца пахаванняў.

Маслоўскі: “Гэтыя могілкі не адпавядаюць заканадаўству. Не адпавядаюць усім стандартам. Мы лічым, што гэта проста здзек над памяццю людзей, знявага памерлых жыхароў горада. Вакол Брэста хапае зямлі, дзе можна на сухіх глебах адчыніць могілкі і там рабіць пахаванні”.

Аўтары звароту таксама просяць кантрольныя і наглядныя органы праверыць законнасць прынятых рашэнняў на аснове заключэнняў дзяржаўнай экалагічнай і санітарна-гігіенічнай экспертызаў.

Ігар Маслоўскі дадае, што ўсе неабыякавыя да гэтай праблемы жыхары горада могуць падтрымаць зварот і падпісаць электронную петыцыю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі