Брэстаўчанін, які патануў у рацэ, скакаў з моста некалькі разоў

Увечары 17 чэрвеня ў Брэсце двое хлопцаў (ва ўзросце 21 і 22 гадоў) скокнулі ў ваду з пешаходнага маста на рацэ Мухавец. Старэйшы з іх патануў. Па факце здарэння Брэсцкім міжраённым Следчым камітэтам праводзіцца праверка.

Афіцыйная прадстаўніца ўпраўлення Следчага камітэту па Брэсцкай вобласці Марына Дранькова распавяла Еўрарадыё новыя падрабязнасці здарэння:

"Па словах маладзёна (сябра загінулага — Еўрарадыё), яны ўжывалі спіртныя напоі. Пасля гэтага яны сталі скакаць у ваду з чыгуначнага моста. Адзін з іх падняўся на найвышэйшую кропку збудавання, адкуль здзейсніў скачок у раку... Пасля паўгадзіны з вады без прыкметаў жыцця яго ўжо дасталі ратавальнікі. Па словах сведкаў, гэтыя хлопцы ўжо здзяйснялі скокі ў ваду, адзін з якіх стаў ракавым".

Для ўстанаўлення дакладнай прычыны смерці прызначана судова-медыцынская экспертыза.

Вядома, што загінулы быў беспрацоўным. Праваахоўнікі высвятляюць, ці з'яўляўся ён навучэнцам якой-небудзь установы.

Як паведамляла Еўрарадыё, мост, на якім адбылася трагедыя, раней быў чыгуначным. Некалькі гадоў таму лінію дэмантавалі, але мост пакінулі для дачнікаў, чыя ўчасткі знаходзяцца на Чырвоным двары.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі