Брастаўчаніна аштрафавалі за кветкі, ускладзеныя на месцы расстрэлаў вязняў гета
Ленінскі суд Брэста прызнаў грамадскага актывіста Віталя Казака вінаватым у хуліганстве. Нагодай стала тое, што мужчына ўскладаў кветкі ды ставіў лампадкі каля будоўлі на месцы пахавання вязняў гета.
Суддзя Аляксандр Семянчук аштрафаваў Казака на 255 рублёў (10 базавых велічынь), перадае Радыё "Свабода".
Заяву на актывіста напісала работніца камунальнай арганізацыі, якая прыбірала ўскладзеныя Казаком кветкі. З нагоды кветак у яе з актывістам адбылася спрэчка.
Казак не лічыць сябе вінаватым у хуліганстве і будзе абскарджваць прысуд. Раней брастаўчаніна ўжо штрафавалі за ўскладанне вянкоў ля будоўлі, а таксама яму давялося адбыць тры дні у ізалятары часовага ўтрымання.
Астанкі вязняў брэсцкага гета былі знойдзеныя пры будаўніцтве квартала элітнага жылля. Пасля гэтага будаўніцтва было прыпыненае. Агулам былі знойдзеныя астанкі каля тысячы чалавек. Пазней было вырашана на месцы пахавання зрабіць зялёную зону.