Бронзавыя медалі чэмпіянату Беларусі па футболе дасталіся “Шахцёру”
У апошнім туры салігорскі клуб згуляў у нічыю з БАТЭ (1:1) і такім чынам захаваў трэці радок турнірнай табліцы.
Звесці вынік да нічыёй гарнякам было няпроста: БАТЭ адкрыў лік яшчэ на 10-й хвіліне і ўпарта не падпускаў супернікаў да сваёй брамы. Только тактычная хітрасць Мікалая Януша дазволіла абысці абарону барысаўчан і на 87-й хвіліне зраўняць лік. Такога выніку было дастаткова для “бронзы”.
Тым часам “Тарпеда-БелАЗ”, якому не хапіла да прызавога месца зусім крыху, выйграў у апошнім туры ў “Нафтана” — 3:1. А мінскае “Дынама”, якое датэрмінова аформіла “серабро”, сёння саступіла “Гомелю” — 0:2.
Фота: TUT.by
Сёлетняя выніковая турнірная табліца выглядае наступным чынам:
1.БАТЭ
2.“Дынама” (Мінск)
3.“Шахцёр”
4.“Тарпеда-БелАЗ”
5.“Нафтан”
6.“Гомель”
7.“Мінск”
8.“Нёман”
9.“Слуцк”
10.“Белшына”
11.“Дынама” (Брэст)
12.“Дняпро”
Магілёўскі клуб “Дняпро” ў снежні згуляе сутыкавыя матчы з “Віцебскам” за права выступаць у вышэйшай лізе ў наступным сезоне. У элітны дывізіён пераходзіць “Граніт”, які заняў першае месца ў першай лізе, а таксама “Славія” — мазыране вяртаюцца ў вышэйшую лігу, адкуль вылецелі сезон таму.