БРСМ адказаў "Моладзі БНФ" на запрашэнне на Дзень Волі
Афіцыйны Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі адказаў на прапанову "Моладзі БНФ" прыняць удзел у святкаванні Дня Волі. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў актывіст "Моладзі БНФ" Юрась Лукашэвіч.
Як паведамляла Еўрарадыё, зварот у БРСМ быў дасланы 7 сакавіка. "Моладзь БНФ" запрашала дзяржаўную арганізацыю прыняць удзел у святкаванні 25 сакавіка каля Опернага тэатра ў Мінску.
У адказе, які падпісаў сакратар арганізацыі Д.Туронак, гаворыцца, што 25 сакавіка не з'яўляецца дзяржаўным святам. "Мерапрыемствы ў гэты дзень праводзяцца ў вызначаным Мінгарвыканкамам фармаце згодна з Законам Рэспублікі Беларусь "Аб масавых мерапрыемствах". Дзякуем за запрашэнне прыняць удзел у святкаванні 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, аднак паведамляем, што Саюз моладзі не плануе наведаць вышэйназваныя мерапрыемствы", — заяўляюць у БРСМ.
Разам з тым, дзяржаўная моладзевая арганізацыя паведамляе, што "шанаванне традыцый і гісторыі беларускага народа з'яўляецца адным з асноўных накірункаў дзейнасці Беларускага рэспбліканскага саюза моладзі". Арганізацыя рэалізуе такія праекты, як "Беларусь — крыніца натхнення", "Кветкі Вялікай Перамогі", "Дзень вышыванкі", "Мая Беларусь. Мая будучыня" ды інш.
БРСМ запрашае "Моладзь БНФ" наведаць святочныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 100-годдзя моладзевага руху.