Брусельскі хлопчык, які пісае, яшчэ ніколі не быў беларусам

Маленькі Жульен – галоўная турыстычная адметнасць еўрапейскай сталіцы. Кожны турыст, наведаўшы галоўную плошчу Бруселя, шукае непадалёк бронзавага хлопчыка, які пісае. Так званы Манекен-Піс спраўляе сваю патрэбу з 1619 года!



Хлопчык вышынёй 61 сантыметар



Хто не хоча сфоткацца на фоне Жульена?

Мясцовыя жыхары яго таксама вельмі паважаюць. Жыхар Брусэля: "Я лічу – гэта твар Брусэля, з ім звязаны шмат традыцый. Ён цудоўны і неверагодны!"

Ды як не шанаваць маленькага Жульена, калі ён уратаваў Брусель. Паводле адной з легенд, у 14-м стагоддзі горад атачылі чужынцы. Яны хацелі падарваць гарадскія сцены, але маленькі хлопчык папісаў на вогненны кнот, і такім чынам уратаваў горад.

Цікавы рэкламны ход, які прыдумалі прадпрымальныя бельгійцы – пераапранаць хлопчыка з розных нагод. Нядаўна ён быў Крыстафорам Калумбам, на Каляды стане Папам Рымскім. 29 кастрычніка ён будзе святкаваць 50-ю гадавіну Бельгійскага параалімпійскага камітэта.



Прыклады адзенняў брусельскага хлопчыка

Часта Манекен-Піс апранаецца ў форму розных прафесій і нацыянальныя строі. Кожнае перапрананне – вялікая ўрачыстасць. Касцюмы не павінны быць рэкламнага, камерцыйнага альбо палітычнага характару. Такіх адзенняў назбіралася ўжо амаль тысяча, яны захоўваюцца ў музеі непадалёк. Некаторыя з 17 стагоддзя.

24 жніўня 2010 года хлопец на дзень незалежнасці Ўкраіны стаў казакам. Вось што тады сказаў старшыня Асацыяцыі ўкраінцаў:

"І малдоўцы, і расіяне, і казахі яго апраналі. А ўкраінцы – дагэтуль не. Выходзіць, украінцы як бы на сваім хутары сядзяць, і не ведаюць, што ў Еўропе творыцца, а Еўропа не ведае, што ва Ўкраіне. Вось Дзень незалежнасці – нагода аб'яднаць нас у сэрцы Еўропы".


Хлопчык не раз быў у польскіх строях, а таксама хакейным убранні зборнай Латвіі.

А вось у беларускай кашулі з брылём – ніколі.
Як падаецца, ініцыятыва ў гэтым пытанні мусіць зыходзіць ад беларускай амбасады. Дыпламатам трэба звярнуцца да Ордэна сяброў Манекена-Піс – спецыяльнай асацыяцыі, якая зацвярджае касцюмы.



Дзе толькі няма копій Манекена-Піс у Брусэлі

Дарэчы, у Бруселі ёсць і калега хлочыка, дакладней сяброўка – дзяўчынка Жанэк Піс.



Дзяўчынка з'явілася толькі ў 1987 годзе, і пакуль не такая вядомая, як Жульен

І нарэшце, яшчэ меней вядомы сабака Зіннэкэ. Пра яго не чулі нават шмат хто з бельгійцаў.



Het Zinneke. "Зіннэкэ" па-фламандску – дварняга

Сабаку ўвекавечыў бельгійскі скульптар Том Франтцэн у 1999 годзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі