Brutto сыграе для беларусаў у Вільні "Партызан-рок"
Новую праграму каманды, якая прагучыць у межах фэсту "Belarus Alternative 2015", складуць песні Brutto і найбольш рэвалюцыйныя гімны "Ляпісаў".
1 траўня гурт Brutto выступіць у Вільні ў межах двухдзённага фэсту Belarus Alternative 2015. Гэта будзе першы выступ новага праекта Сяргея Міхалка перад беларускай публікай. На мерапрыемства можна набыць квіткі з бясплатнай візавай падтрымкай.
Арганізатар фестывалю Юстас Мамантовас называе Brutto галоўным гуртом беларускай альтэрнатыўнай сцэны і па музыцы, і па напале жарсцяў, якія кіпяць вакол калектыву. Каманда Міхалка стане хэдлайнерам першага фестывальнага дня. Таксама ў гэты дзень выступяць гурты Neuro Dubel, Pomidor/Off. 2 траўня гледачоў чакаюць кабарэ-бэнд "Серебряная свадьба", Super Besse, Pukstband. Усе выступы адбудуцца на віленскай Teatro Arena.
Тэрмін дзеяння візы — дзень да мерапрыемства і наступны дзень пасля яго. Максімум чатыры дні (30.04–03.05) пры набыцці квітка на абодва дні фестывалю.
Квіткі з правам на візавую падтрымку (аднаразовая віза без консульскага збору са спрошчаным наборам дакументаў) прадаюцца толькі ў офісе турыстычнай фірмы "Тридевять земель" па адрасе Мінск, вул. Казлова, д.7, оф.12. Там жа адбываецца рэгістрацыя на падачу дакументаў у Амбасадзе Літоўскай Рэспублікі (Мінск) і Генеральным консульстве (Гродна). Акрамя гэтага квіткі (без візавай падтрымкі) можна набыць у Беларусі ў сістэме Ticketpro.by, у Літве — Bilietupasaulis.lt.
Кошт квіткоў: 400 тыс. руб. на адзін дзень, 700 тыс. руб. — на два дні. Плануецца аўтобусны тур Мінск-Вільня-Мінск. Інфалінія: (029) 636 56 16 і (029) 239 56 16. Дадатковая інфармацыя: www.cartadorog.by.