Брытанская паліцыя патлумачыла, як афіцэры ГРУ дзейнічалі ў Лондане (фота)

Брытанская паліцыя патлумачыла, як афіцэры ГРУ дзейнічалі ў Лондане (фота)

5 верасня брытанская паліцыя агучыла імёны падазраваных у замаху на Сяргея Скрыпаля, былога палкоўніка ГРУ, і яго дачку Юлію. Гэта — Аляксандр Пятроў і Руслан Башыраў. Але іх расійскія пашпарты наўрад ці сапраўдныя (магчыма, спецслужбы Вялікабрытаніі ўжо ведаюць сапраўдныя прозвішчы разведчыкаў-дыверсантаў). Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй заявіла, што згаданыя асобы праходзяць службу ў Галоўным разведвальным упраўленні Генштабу Узброеных сіл РФ. Гэта — орган знешняй выведкі Мінабароны Расіі.

Сяргея і Юлію Скрыпаль атруцілі 4 сакавіка ў Солсберы. Эксперты выявілі, што гэта было распрацаванае ў Расіі нервова-паралітычнае рэчыва "Навічок". Расія трапіла пад падазрэнне, выбухнуў скандал з высылкай дыпламатаў, з увядзеннем санкцый і антысанкцый.

Як інфармуе "Бі-Бі-Сі", паліцыя паведаміла, якім чынам дзейнічалі афіцэры ГРУ. Яны прыляцелі ў Лондан на самалёце "Аэрафлота" ў 15:00 2 сакавіка. Пасяліліся ў гатэлі City Stay Hotel (у нумары пасля выявілі сляды "Навічка"), адкуль 3 сакавіка на грамадскім транспарце паехалі на чыгуначны вакзал Ватэрлоо. У 11:45 мужчыны выехалі ў горад Солсберы. Праз паўтары гадзіны яны паехалі назад у Лондан. Мяркуецца, што падчас першай паездкі адбылася "разведка мясцовасці".

4 сакавіка ў 08:05 раніцы расіяне зноў паехалі на цягніку ў Солсберы. Яны трапілі на камеры відэаназірання недалёка ад дома, дзе жыў Сяргей Скрыпаль. Паліцыя перакананая, што афіцэры ГРУ нанеслі атрутнае рэчыва "Навічок" на дзвярную ручку дома Скрыпаля. У 16:45 грамадзяне Расіі вярнуліся ў Лондан і праз некалькі гадзін паехалі ў аэрапорт Хітроў. У Маскву яны паляцелі таксама рэйсам "Аэрафлота", у 22:30.

Паліцыя прыйшла да высновы, што атрутнае рэчыва знаходзілася ў ёмістасці, якая імітавала духі "Premier Jour" ад Nina Ricci. Гэта яго ў чэрвені знайшоў жыхар горада Эймсберы Чарльз Роўлі ў скрыні для рэчаў, аддадзеных на дабрачыннасць (дзе быў флакон з сакавіка, пакуль не вядома). Ён падарыў знаходку сваёй сяброўцы Дон Стэрджэс. Яна памерла ад атручвання, Роўлі выжыў.

Брытанская пракуратура выдала еўрапейскі ордар на арышт расіян, але запыту пра іх экстрадыцыю не будзе — расійская канстытуцыя не дапускае экстрадыцыі ўласных грамадзян.

Брытанская паліцыя патлумачыла, як афіцэры ГРУ дзейнічалі ў Лондане (фота)
Фота: Reuters
Брытанская паліцыя патлумачыла, як афіцэры ГРУ дзейнічалі ў Лондане (фота)
Фота: Reuters

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі