Брытанскія навукоўцы выявілі, што гульня галавой шкодзіць футбалістам
Брытанскія навукоўцы заявілі пра шкоднасць для футбалістаў гульні галавой. Адзначым, што гэта адзін з абавязковых атрыбутаў сучаснага футбола. Гульня галавой мэтанакіравана адпрацоўваецца футбалістамі на трэніроўках.
Аднак па сведчаннях навукоўцаў, нават некалькі удараў галавой па мячы парушаюць дзейнасць мозгу і пагаршаюць памяць. Даследчыкі з універсітэта Стэрлінга ў Шатландыі выявілі, што пасля 20 паслядоўных удараў галавой па мячы з'яўляюцца невялікія, але важныя змены ў працы мозгу футбаліста, перадае Бі-Бі-Сі. Функцыя памяці зніжаецца на 41-67%, аднак на працягу сутак яна аднаўляецца да ранейшага ўзроўню.
Адзін з аўтараў даследавання, кагнітыўны нейрабіёлаг Магдалена Летсваарт падкрэслівае, што гэтае ўздзеянне на мозг хоць і мае часовы характар, але з'яўляецца вельмі адчувальным.
Даследчыкі пакуль што вывучылі толькі непрацяглы ўплыў гульні галавой на мозг футбаліста. Яны яшчэ не могуць сказаць, ці ўзмацняецца негатыўны эфект пасля некалькіх паслядоўных матчаў і наогул ад рэгулярнай гульні ў футбол.
Дарэчы, у дзіцячых футбольных секцыях ЗША з 2015 года цалкам забаронена гульня галавой для дзяцей, меншых за 10 гадоў.