БТ пра ператрусы ў Белгазпрамбанку: "грашовыя махінацыі", "камбінатары"
Увечары 11 чэрвеня на тэлеканале "Беларусь 1" выйшаў сюжэт пра ператрусы ў Белгазпрамбанку і шэрагу кампаній. Было заяўлена, што дэпартамент фінансавых расследаванняў Дзяржкантролю распачаў адразу дзве крымінальныя справы. Артыкулы — "Ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры", "Легалізаванне сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры". Расследаванне працягваецца, а на БТ ужо кажуць пра "камбінатараў" і "адмыванне буйных капіталаў". Сцвярджаецца пра існаванне "складанай, даўно і добра адладжанай схемы грашовых махінацый".
"Вядома, што ў шэрае абарачэнне былі залучаныя немалыя сумы, — распавядаюць у сюжэце. — Камбінатары пры гэтым добра маскіравалі ўсе ланцужкі. І зараз Камітэт дзяржкантролю па нітках размотвае клубок шэрых схем".
Падкрэсліваецца, што падазроныя — гэта "прадстаўнікі розных камерцыйных структур і банкаўскай сістэмы".
Былы кіраўнік Белгазпрамбанка, патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Віктар Бабарыка заявіў пра "замоўны палітычны характар" справы. "Цынічна накіроўваць дзеянні на людзей, таму што яны працавалі ў арганізацыі, якой кіраваў я", — адзначыў палітык.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.