БТ: Пры ператрусе ў кватэры ўкраінца Шаройка знайшлі псеўданімы 16 агентаў

БТ: Пры ператрусе ў кватэры ўкраінца Шаройка знайшлі псеўданімы 16 агентаў

Пры ператрусе ў кватэры ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі былі знойдзеныя псеўданімы яшчэ як мінімум 16 удзельнікаў агентурнай сеткі. Пра гэта было паведамлена ў праграме "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1", перадае БЕЛТА.

Беларускія спецслужбы лічаць, што людзей маглі выкарыстоўваць і "ў цёмную", калі пастаўшчык інфармацыі нават не здагадваецца, каму і навошта выдае звесткі. 

Паведамляецца, быццам на допыце Павел Шаройка прызнаў, што з'яўляецца супрацоўнікам кадравага апарату ваеннай разведкі. Пасля звальнення ў 2009-м яго ўжо праз два гады аднавілі ў ліку афіцэраў дзейнага аператыўнага рэзерву. Пад прыкрыццём пасады звычайнага карэспандэнта Шаройка, маўляў, стаў працаваць у Беларусі. За каардынацыю яго дзейнасці, кажуць у КДБ, адказваў яшчэ адзін супрацоўнік галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Ігар Скварцоў — палкоўнік, дарадца амбасады Украіны ў Беларусі.

Падчас ператрусу ў кватэры Шаройкі на электронных носьбітах знайшлі копіі разведвальных данясенняў, а таксама заданні ад куратараў. Як перадае "Беларусь 1", Скварцову і Шаройку даручылі даць звесткі пра асаблівасці мытнага рэжыму пры ўвозе ў Беларусь тэхнічных сродкаў электрасувязі і электронна-вылічальнай тэхнікі, наяўнасці ў памежных раёнах з Украінай пакрыцця айчынных аператараў мабільнай сувязі, размеркавання радыечастотнага рэсурсу, стану радыеаматарства сярод мясцовага насельніцтва.

На 2017 год, як паведамляецца, заданнямі для іх былі вызначаныя такія аб'екты, як Савет міністраў, МЗС Беларусі, амбасада і ваенныя аб'екты Расіі ў краіне. Ім належала на працягу года вывучыць гэтыя аб'екты, заводзіць і развіваць тут знаёмствы, збіраць інфармацыю пра іх.

Раней паведамлялася, што карэспандэнта Украінскага радыё Паўла Шаройку затрымалі 25 кастрычніка пры правядзенні агентурнай акцыі з доказамі злачынства. На яго пачалі крымінальную справу за шпіянаж. Сам Шаройка знаходзіцца пад вартай. 

Таксама КДБ затрымаў беларуса, які нібыта шпіёніў на карысць Украіны. Дарадца амбасады Украіны ў Беларусі Ігар Скварцоў абвешчаны персонай нон грата. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі