Будаўнічыя дэфекты знайшлі ў 20 школах Гродзеншчыны
У асноўным гэта кепскі стан абліцоўкі сценаў, шчыліны ў сценах і фундаментах, адколіны на плітах перакрыццяў, правісанне драўляных перакрыццяў.
Пра гэта на паседжанні калегіі Камітэту дзяржкантролю Гродзенскай вобласці паведаміў начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Шпарло, перадае БЕЛТА. Паводле яго інфармацыі, у большасці выпадкаў для ліквідацыі недахопаў варта правесці бягучыя рамонтныя працы, якія не патрабуюць сур’ёзных фінансавых выдаткаў. Аднак у некаторых выпадках для кампетэнтнага вывучэння, ацэнкі і ліквідацыі недахопаў прыцягнутыя праектныя і будаўнічыя арганізацыі.
Ад пачатку году органы дзяржаўнага пажарнага нагляду правялі 74 планавыя і 23 кантрольныя праверкі, 559 маніторынгаў стану пажарнай бяспекі ўстановаў адукацыі вобласці. У шэрагу выпадкаў выяўленыя сур’ёзныя парушэнні — напрыклад, адсутнасць аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі.