"Бура ўжо пачалася": людзей будзе хваляваць не долар, а як купіць ежы

Падзенне беларускага рубля падштурхне інфляцыю / 1prof.by
Падзенне беларускага рубля падштурхне інфляцыю / 1prof.by

Праз санкцыі, якія былі выкліканыя палітыкай Лукашэнкі і Пуціна, беларусаў чакае яшчэ большы эканамічны шок, чым расіян. Курсы долара і еўра будуць расці, як і інфляцыя, а заробкі — падаць або знікаць зусім.
 

"Ці варта цяпер купляць замежную валюту? Так"

Курсы долара і еўра адкаціліся 1 сакавіка пасля моцнага росту 28 лютага. А расійскі рубель умацаваўся. Долар упаў на 13 капеек да 2,9405 рубля, еўра знізіўся на 12 капеек да 3,3099 рубля. Расійскі рубель адыграў 18 капеек і каштуе 3,1626 беларускага рубля за 100 расійскіх.

Расійскі рубель умацаваўся, паколькі ў Расіі 28 лютага экспарцёраў абавязалі прадаць 80% валютнай выручкі. На гэта даецца тры дні. Потым зноў чакаецца падзенне рублёў. Бо няма ніякіх падстаў для доўгатэрміновага ўмацавання рублёў, адзначаюць аналітыкі "Кошт Урада".

“Буря уже началась”: людей будет волновать не доллар, а как купить еды
Курсы долара і еўра працягнуць расці / Еўрарадыё

— Штучна падтрымліваць курс доўгі час немагчыма. Мабыць, абодва рэгулятары [цэнтрабанкі Беларусі і Расіі. — Еўрарадыё] спадзяюцца, што ў агляднай будучыні паніка cціхне і рублі — беларускі і расійскі — хоць неяк выстаяць.

Мяркуем, што ў будучыні курсы долара і еўра ў Беларусі працягнуць расці. Праз паніку, санкцыі, штучнае стрымліванне цяпер — мы не бачым наогул ніякіх перадумоў для ўмацавання рубля. Ці варта цяпер купляць замежную валюту? Мы лічым, што так.

Падтрымліваць сваю валюту цэнтральныя банкі Расіі і Беларусі не могуць доўга, таму што ў беларускага проста недастаткова грошай, а сродкі расійскага заблакавалі ЕС, ЗША і іншыя краіны.

— 56 адсоткаў ЗВР [Расіі. — Еўрарадыё] пад блакадай, 77 адсоткаў немагчыма памяняць ні на што, акрамя юаня. Прычым памяняць гэтыя юані на тыя ж долары потым таксама нельга. Цяпер расійскі рэгулятар не можа выступаць з інтэрвенцыямі на валютнай біржы — і гэта прыводзіць да скачкоў курса. Як вынік, у Расіі пачалася паніка на валютнай біржы праз рэзкае падвышэнне попыту, — расказвае каманда эканомікі НАУ.

 

Крэдыты стануць даражэйшыя, а эканоміка замарудзіцца яшчэ больш

“Буря уже началась”: людей будет волновать не доллар, а как купить еды
Нацыянальны банк / Еўрарадыё

Каб пазбегнуць адтоку ўкладаў і змагацца са спекуляцыямі, Нацбанк Беларусі і Цэнтрабанк Расіі паднялі ключавыя стаўкі. Стаўка рэфінансавання з 1 сакавіка ў Беларусі складае 12% гадавых замест 9,25%. У Расіі стаўка паднялася з 9,5% да 20%. Мяркуецца, што праз больш высокія адсоткі будзе менш ахвотных браць рублёвы крэдыт, каб купіць валюту.

— Цэнтрабанк Расіі падняў стаўку рэфінансавання да 20%, каб зрабіць гэтую практыку менш даходнай, але адваротны бок падвышэння стаўкі — гэта затарможванне эканомікі, — кажуць эксперты НАУ.

Калі крэдыты становяцца даражэйшымі, той бізнес, які іх бярэ, падымае цэны на тавары і паслугі. Гэта сціскае попыт. Людзі таксама бяруць менш крэдытаў і менш трацяць.

“Буря уже началась”: людей будет волновать не доллар, а как купить еды
Кіраўніца ЦБ РФ Эльвіра Набіуліна не ў захапленні ад новых санкцый / RIA_Kremlinpool

Беларускі рэгулятар больш асцярожны. Ён спрабуе стрымаць адток рублёвых дэпазітаў і перавод іх у валюту. Адначасова трэба не прынесці банкам праблем з даўжнікамі.

— Рост стаўкі да 12 адсоткаў не вырашыць пастаўленых задач. Калі хтосьці меў намер канвертаваць рублёвыя дэпазіты ў валюту пры старых стаўках, то рост да 12 адсоткаў стаўкі рэфінансавання, думаю, іх не спыніць, — кажа старшы аналітык "Альпары Еўразія" Вадзім Іосуб.

Нацбанк не падымае стаўку занадта высока, бо да яе прывязаныя не толькі дэпазіты, але і крэдыты. У тым ліку крэдыты дзяржсектара.

— Можна падняць стаўку, зрабіць больш прывабнымі дэпазіты, прыпыніць працэс канвертавання рублёвых дэпазітаў у валюту. Але што пры гэтым рабіць госам, калі для іх падаражэюць крэдыты?

Нацбанк вымушаны глядзець і на дэпазіты, і на крэдыты. Калі ціск на курс працягнецца, нельга выключыць далейшы рост стаўкі рэфінансавання. Але ў гэтага ёсць праціўнікі, — працягвае Вадзім Іосуб.

Рашэнне не падымаць стаўку занадта моцна — дапамога не толькі неэфектыўнаму дзяржсектару, але і банкаўскай сістэме, адзначае эксперт. Бо пры высокай стаўцы рэфінансавання прадпрыемствы могуць проста перастаць выплачваць крэдыты.
 

Пад ударам нават экспарт у Расію

“Буря уже началась”: людей будет волновать не доллар, а как купить еды
Гандаль Беларусі зноў пад ударам / pexels.com

З пачатку ўварвання Расіі ва Украіну беларускі рубель часцей таннеў да долара і еўра, але рос да расійскага рубля. 1 сакавіка адбылося інакш, але гэта не ўстойлівая тэндэнцыя. Калі расійскі рубель і далей будзе таннець да беларускага, то пацерпіць беларускі экспарт у Расію. Бо нашы тавары стануць там даражэйшыя.

— Падаражэнне беларускага рубля адносна расійскага прыводзіць да страты канкурэнтаздольнасці беларускай прадукцыі на фактычна адзіным даступным ёй расійскім рынку, — адзначаюць у НАУ.

Акрамя таго, праз вялікую розніцу ў стаўках рэфінансавання ў Беларусі і Расіі адкрываюцца магчымасці для арбітражу.

— Калі ўзяў крэдыт у адной краіне — выкарыстаў у іншай, а крэдытныя грошы пойдуць на біржу, стварыўшы ціск на курс.

Каб змагацца з гэтым, можна адміністрацыйна абмежаваць крэдытаванне і штучна стрымліваць курс. Тады замарудзіцца эканоміка і ўтворыцца дэфіцыт валюты, лічаць эксперты НАУ.

— Валюта можа стаць даступнай толькі для абраных. Велізарны фактар рызыкі — ці адключаць Беларусь ад SWIFT. Калі гэта здарыцца, то беларускія банкі атрымаюць дадатковыя праблемы. Карэспандэнцкія рахункі ў многіх банкаў яшчэ ёсць, але невядома, колькі гэта працягнецца. Плюс чакаецца памяншэнне прапанавання валюты на рынку праз закрыццё экспарту нафтапрадуктаў ва Украіну і канец экспарту калію праз украінскія парты. Увогуле, відавочных падстаў для аптымізму няма.

 

Будзем думаць не пра долар, а пра кошт хлеба

“Буря уже началась”: людей будет волновать не доллар, а как купить еды
Цана на хлеб будзе актуальнейшая за курс долара / pexels.com

Акрамя скачкоў курсаў валют, можна назіраць абвал фондавага рынку ў Расіі. На Беларусь гэта наўпрост не ўплывае, лічыць фінансавы аналітык кампаніі Duff&Phelps Germany GmbH Максім Адаскевіч.

— Таму што фондавага рынку ў краіне [ў Беларусі. — Еўрарадыё], на жаль, пакуль не існуе — не існуе і біржавых індэксаў.

Аднак рэакцыя фондавага рынку — гэта не проста падзенне паперак у цане, кажа Вадзім Іосуб. Трымальнікі гэтых папер вырашылі ад іх пазбавіцца праз негатыўныя чаканні адносна эканомікі. Гэта адносіцца і да Беларусі, і да Расіі.

— Ёсць такі выраз, што фондавы рынак — гэта барометр эканомікі. Бура ўжо наступіла і будзе працягвацца, ёсць у вас у пакоі барометр ці няма.

Перспектывы беларускай эканомікі ва ўмовах фінансавых і сектаральных санкцый будуць нават больш сумныя, чым у Расіі. Там усё ж вялікая краіна, вялікая эканоміка, застаюцца нейкія рынкі збыту, акрамя Захаду. Пакуль эмбарга на куплю з Расіі нафты і газу ніхто не накладаў. Значыць, частка валютных патокаў захаваецца. У адрозненне ад Расіі, у Беларусі такой падушкі няма.

Беларусы ўжо адчулі на сабе скачкі курсаў і рост інфляцыі. Негатыўныя эфекты будуць толькі нарастаць.

— Далей зніжэнне заробкаў, закрыццё прадпрыемстваў, людзі будуць губляць працу. Тут пытанне не ў тым, што долар падаражэў або ў Еўропу на закупы не паедзем. Сур'ёзная колькасць людзей будзе проста менш есці, таму што менш будзе даходаў. У кагосьці яны знізяцца, хтосьці іх страціць наогул. Апошняе, пра што яны будуць думаць, — гэта пра курс долара. Больш будуць думаць пра тое, колькі каштуе хлеб і малако ў найбліжэйшай краме, — заключае Вадзім Іосуб.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі