Burning man тоне, а ў Афрыцы хунта зноў зрынае прэзідэнта — #ІхНоравы
"Іх Норавы"
Польшча зноў будзе выдаваць беларусам турыстычныя візы. Так што станавіцеся ў чаргу, каб убачыць навіны з Еўропы на ўласныя вочы.
А што адбываецца ў іншых, больш аддаленых частках свету, раскажам у рэгулярным аглядзе Еўрарадыё.
Burning man не гарыць, а тоне
Каля 70 тысяч чалавек застраглі ў пустыні Невада праз... праліўныя дажджы. Як у пустыню трапіла столькі людзей? Вядома ж, прыехалі на штогадовы фестываль Burning Man. І патанулі ў гразі па костачкі.
Насамрэч сітуацыя не смешная, удзельнікам фестывалю загадалі схавацца ў пустэльні Блэк-Рок і берагчы ежу, ваду і паліва. Адзіныя аўто, якім дазволена ехаць у бок гэтага месца, — машыны хуткай дапамогі.
Фестываль, адкуль кожны год публікуюцца тысячы футурыстычных фота, праводзяць у пустэльні на паўночным захадзе штата Невада. На некалькі дзён сярод нічога раптам вырастае горад з насельніцтвам у некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Адзін з асноўных прынцыпаў фестывалю: кожны ўдзельнік павінен сам забяспечваць сваё выжыванне. З ежы там прадаюцца толькі кава і лёд, усё астатняе трэба прывезці з сабой.
Таму некаторыя загразлыя ў пустэльні ўдзельнікі кажуць, што недахоп запасаў іх не хвалюе, ад голаду ніхто не памрэ. Бо адзін з прынцыпаў Burning Man — дзяліцца рэсурсамі.
Некаторым усё ж удаецца выехаць з пустыні. Напрыклад, комік Крыс Рок апублікаваў у Instagram відэа, на якім ён з'язджае з фестывалю ў кузаве пікапа свайго прыхільніка. Праўда, да гэтага кузава давялося ісці па густой гразі некалькі кіламетраў.
Як бы нам сустрэцца?
Дарослае жыццё — гэта калі вы з сябрамі ніяк не можаце выбраць прыдатны дзень, каб сабрацца ўсім разам. Вось у адносінах ЗША і Кітая ў гэтым сэнсе таксама ўсё па-даросламу.
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн збіраўся пабачыцца з кітайскім лідарам Сі Цзіньпінам на саміце Вялікай дваццаткі. Але Сі туды не прыедзе, і Вашынгтон з Пекінам зноў не змогуць пагаварыць на найвышэйшым узроўні.
"Я расчараваны", — сказаў Байдэн журналістам.
З мінулай сустрэчы Байдэна і Сі Цзінпіна прайшоў амаль год. А адносіны дзвюх краін усё яшчэ далёкія ад добрых. Неўзабаве пасля мінулай сустрэчы над ЗША збілі кітайскі паветраны шар, які лічаць шарам-шпіёнам. Гэта не дапамагло перазагрузіць стасункі (а ўспомніце, як усе мы сачылі за самалётам Нэнсі Пэласі, які падлятаў да Тайваня!)
Але ў апошнія месяцы шэраг высокапастаўленых чыноўнікаў ЗША наведалі Кітай, сярод іх і дзяржсакратар Энтані Блінкен. Многія ўспрынялі гэта як добры знак.
Між тым Сі працягвае збіраць вакол сябе краіны-сімпатызанты, каб стварыць процівагу ЗША. Падчас візіту ў Паўднёвую Афрыку ў мінулым месяцы на сустрэчу краін БРІКС ён раскрытыкаваў "гегемонію" Захаду і заклікаў краіны, якія развіваюцца, "[скінуць] ярмо каланіялізму".
У студзені да БРІКС збіраюцца далучыцца шэсць новых краін — Аргенціна, Егіпет, Іран, Эфіопія, Саудаўская Аравія і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. BBC піша, што многія лічаць гэта дыпламатычнай перамогай Пекіна.
Зноў хунта
А хунта зноў захоплівае ўладу, гэтым разам у Габоне. Лідара ваеннай хунты генерала Брайса Нгема прывялі да прысягі — цяпер ён часовы прэзідэнт. На інаўгурацыю, зрэшты, прыйшлі натоўпы радасных цывільных, так што не тое каб генерала ніхто не падтрымлівае.
Пераварот здарыўся ў сераду, і хто ў гэтым раскладзе добры, так адразу і не зразумееш. Хунта зрынула Алі Бонга — спадкаемца дынастыі, якая кіравала ўжо каля паўстагоддзя. Прайшлі выбары, і Бонга зноў назвалі пераможцам. Тут і ўмяшалася хунта.
Зрэшты, незразумела, ці сыдзе з палітыкі дынастыя Бонга пасля перавароту. Лідар хунты правёў большую частку сваёй кар'еры ў найбліжэйшым атачэнні Бонга і нават лічыцца стрыечным братам зрынутага прэзідэнта.
А вось што можна сцвярджаць напэўна — Францыя губляе ўплыў у рэгіёне. Габон — ужо шостая франкамоўная краіна Афрыкі, у якой за апошнія тры гады ўладу ўзялі вайскоўцы.
Далей ад навін
Кажуць, часам астранаўты чытаюць навіны з Зямлі і думаюць — а ці не затрымацца мне на арбіце надаўжэй? Навукоўцы працуюць над тым, каб затрымацца можна было не толькі на МКС, але і на Месяцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.