Бялкоўскі: Людзі стаміліся ад абяцанак і нязменнасці ўлады
Дырэктар Інстытута нацыянальнай стратэгіі Станіслаў Бялкоўскі разважае пра палітычную сітуацыю ў Расіі.
Еўрарадыё: Акцыі пратэсту, якія адбыліся ў Маскве, Пецярбурзе і Самары, нагадваюць нядаўнія падзеі, якія адбываліся ў Беларусі. Арганізаванне акцый праз сацыяльныя сеткі, плясканне ў ладкі – ці расійская апазіцыя выкарыстоўвае досвед беларускіх апазіцыянераў?
Бялкоўскі: Расія выкарыстоўвае досвед апазіцыі па ўсім свеце. Мы памятаем, што апошні год адбылося чатыры рэвалюцыі ў арабскім свеце, і яны ў вялікай ступені абапіраліся на сацыяльныя сеткі. Рэч тут не толькі ў тэхналогіі, а і ў самім падыходзе. Людзі стаміліся ад нязменнасці ўлады. Стаміліся ад таго, што карумпаваная ўлада па-ранейшаму дае абяцанкі, якія не можа споўніць. З усёю павагаю да Беларусі кажучы – мы можам быць настаўнікамі для Беларусі, як можам быць настаўнікамі і для арабаў. Цяпер упершыню Расія адчувае сябе вучаніцаю, але разам з тым Расія не адчувае сябе прыніжанаю – людзі ўпершыню выходзяць за доўгія гады. Людзі хочуць бараніць свой гонар, свае грамадзянскія правы і свабоды. Яны не гатовыя трываць тое, што іх змушаюць адмовіцца ад свабод у абмен на нейкія меркантыльныя інтарэсы.
Еўрарадыё: Як вы лічыце, пратэсты будуць большаць, ці гэта кароткачасовая з’ява?
Бялкоўскі: Наогул – пратэсты будуць большаць. Можа гэтая хваля і схлыне. Але мае сябры, якія ніколі не ўдзельнічалі ў палітычных акцыях, былі больш-менш лаяльныя да цяперашняга строю, збіраюцца ісці на мітынг у гэтую суботу. Яны пойдуць на Плошчу Рэвалюцыі ў Маскве, дарма, што верагоднасць быць пабітымі дубінкамі АМАПу вельмі вялікая. Але гэта ўжо не хвалюе людзей у крытычнай ступені. Нават калі тая хваля і схлыне, адчуванне таго, што выбары нелегітымныя, улада нелегітымная, фармат дыялогу з гэтаю ўладаю страчаны – пачынае дамінаваць сярод актыўнай, творчай часткі грамадства, якая ў рэшце рэшт вызначае грамадскую дыскусію ў Расіі.
Еўрарадыё: А ці грошы не вызначаюць? Акрамя інтэлігенцыі ёсць жа, таксакма, і фінансавыя колы, якія фінансуюць і спрыяюць уладзе…
Бялкоўскі: Фінансавыя колы спрыяюць сабе, а не ўладзе. Усе вялікія маёнткі ў Расіі зробленыя на карупцыі, на паразітаванні на дзяржаўных рэсурсах. Таму не бізнэс спрыяе ўладзе, а наадварот – улада дае ці не дае жыць бізнэсу. Але галоўныя інтэлектуальныя тэндэнцыі, асноўныя настроі – фарміруюць якраз тыя людзі, якія выходзяць на мітынгі і іх арганізоўваюць. Яшчэ ўчора Крэмль і “Единая Россия” казалі нам, маўляў, нейкая драбніца з інтэлігенцыі супраць “Единой России”, а народ і эліты – за. Калі гэта праўда, то нават паводле афіцыйных вынікаў выбараў тая драбніца – гэта палова насельніцтва краіны. Выдатны вынік!
Еўрарадыё: Якіх дзеянняў ад расійскіх уладаў можна цяпер чакаць? Ці няма ў іхніх шэрагах далікатнага неспакою?
Бялкоўскі: Не-не. Апошнія гады адбывалася імклівая дэградацыя дзяржаўнага апарату. З дзяржаўнага апарату “вымываліся” людзі, якія здольныя аб’ектыўна і цвяроза ацэньваць сітуацыю. Шмат прафесіяналаў зышло, а іх месцы займалі карумпаваныя дылетанты. Таму ніякага неспакою няма. Ёсць моцнае ўяўленне таго, што выбары выграныя, ніякай пагрозы няма, а калі нехта выходзіць на плошчу, то – дубінкаю ў галаву і “бывай здароў”. Як казаў Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін газеце “КоммерсантЪ” летась, “сперылі цябе дубінкаю – скапычвай у бок мора”, дарма, што Расія не надта марская краіна.
Еўрарадыё: Апошні кіраўнік Савецкага Саюза Міхаіл Сяргеевіч Гарбачоў сёння заклікаў правесці перавыбары ў расійскую Думу. Ці вы лічыце гэта рэальным? Ці, можа, на прэзідэнцкіх выбарах у Расіі праз колькі месяцаў з’явіцца нейкая палітычная фігура, якая паспрабуе пазмагацца з Уладзімірам Пуціным?..
Бялкоўскі: Міхаіл Сяргеевіч Гарбачоў з’яўляецца адным з найбольш асцярожных, ветлых і акуратных людзей у Расійскай Федэрацыі. Калі такое заяўляе ён – гэта ўжо шмат кажа пра настроі ў грамадстве. Калі нават Гарбачоў наважыўся такое сказаць – гэта значыць, што ніхто з разважлівых расіян не прызнае легітымнымі думскія выбары ды тую Думу, якую склічуць паводле іх вынікаў. Калі б апазіцыя з КПРФ, “Справедливой России”, ЛДПР Жырыноўскага змагалася за ўладу – яны б выставілі адзінага кандыдата супраць Уладзіміра Пуціна. Аптымальнаю кандыдатураю мне падаецца дэпутатка партыі “Справедливая Россия” Аксана Дзмітрыева, бо яна цалкам непадобная да Пуціна. Гэта не пахабна-зухаваты мужычок, у якога гуляецца Уладзімір Уладзіміравіч, а разумная і інтэлігентная жанчына. І гэтая кандыдатка атрымала б мінімум сорак працэнтаў галасоў – я ў гэтым упэўнены. Іншая рэч, што сістэмная апазіцыя цалкам упісаная ў сістэму ўлады – яна змагаецца не за ўладу, а за зычлівасць цяперашняй улады. Таму яны не пойдуць на гэта. Мы зноў традыцыйна ўбачым Генадзя Зюганава, Рыгора Яўлінскага, Уладзіміра Жырыноўскага, Сяргея Міронава – іх праўдзіваю мэтаю ўдзелу ў выбарах з’яўляецца перамога Уладзіміра Пуціна. А той збіраецца атрымаць мінімум 55-56 адсоткаў галасоў.