Экс-галоўлекара цэнтра рэабілітацыі і бальнеалячэння асудзілі на "хатнюю хімію"
Былога галоўнага лекара Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння Сяргея Карыцьку асудзілі на 2,5 года "хатняй хіміі", піша tut.by.
Медыка прызналі вінаватым у атрыманні хабару ў 2000 долараў. Гэтыя грошы перадаў яму бізнэсовец Уладзімір Ладуцька ў якасці падзякі: медцэнтр купіў у іх фірмы адзін апарат, планавалася купля другога. Праўда, другі тэндар выйграла іншая фірма.
Суд прызначыў Карыцьку той тэрмін, які прасіў пракурор. А вось канфіскацыю маёмасці ў былога галоўлекара суд не падтрымаў: машыну і зямельны ўчастак у Аксакаўшчыне, якія былі пад арыштам, Карыцьку вярнулі. Ад арышту таксама вызваленыя 5100 долараў і 1200 еўра. З іх 2000 долараў канфіскаваныя ў даход дзяржавы, а астатнія грошы вярнуць уладальніку.
Медык паведаміў журналістам, што абскарджваць прысуд не будзе.
Дарэчы, Сяргей Карыцька не толькі медык, але яшчэ і паэт: ён уваходзіць у афіцыйны Саюз пісьменнікаў Беларусі.
25 чэрвеня старшыня КДБ Валерый Вакульчык заявіў, што яго ведамства выявіла маштабную карупцыйную схему ў сферы аховы здароўя, затрыманыя некалькі дзясяткаў чалавек. Нядаўна генпракурор Аляксандр Канюк паведаміў, што ў суд паступілі чатыры крымінальныя справы на пяць чалавек, а пад вартай застаецца "вялікая колькасць людзей".