Былы гендырэктар "Барысаўдрэва" асуджаны на тры гады калоніі

У суботу, 20 снежня, у Мінскім абласным судзе быў агучаны прысуд былому гендырэктару "Барысаўдрэва" Уладзіміру Мальцаву тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Нагадаем, пракурор патрабаваў для Мальцава 6 гадоў калоніі.

Уладзіміра Мальцава прызналі вінаватым у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі — у здзяйсненні дзеянняў, якія "пацягнулі прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, а таксама якія пацягнулі цяжкія наступствы". Маёмасць былога гендырэктара канфіскоўвацца не будзе. Паводле судовага рашэння, з Мальцава на карысць "Барысаўдрэва" збіраюцца спагнаць кампенсацыю за страты — больш за 1 млрд 900 млн рублёў.

Нагадаем, 8 снежня дзяржаўны абвінаваўца скарэктаваў абвінавачанне экс-гендырэктару "Барысаўдрэва" — з яго знікла фармулёўка "паразітаванне службовых паўнамоцтваў". Пракурор заявіў: Мальцаў, будучы гендырэктарам, праз асабістую зацікаўленасць пры выбары пастаўшчыка абсталявання лабіяваў інтарэсы турэцкай кампаніі. Калі яна, парушыўшы кантракт, пачала зацягваць тэрміны пастаўкі абсталявання, Уладзімір Мальцаў не зрабіў крокаў у адказ.

"Спрабуючы схаваць сваю некампетэнтнасць, кар'ерызм і парушэнне заканадаўства, ён падпісаў з кампаніяй дамову пра перанос тэрмінаў пастаўкі", — дадаў дзяржабвінаваўца. Па словах пракурора, былы гендырэктар не прыняў мераў па своечасовым набыцці абсталявання для вытворчасці запалак.

Як паведамляла Еўрарадыё, усё пачалося 8 лістапада 2013 года, калі Аляксандр Лукашэнка наведваў прадпрыемства і быў абураны сарванымі тэмпамі мадэрнізацыі. Пачалося расследаванне. Уладзімір Мальцаў быў узяты пад варту ў сакавіку сёлета, суд пачаўся ў верасні.

Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі