Як Мальцаў даказваў Вярхоўнаму суду сваю невінаватасць цэлых 45 хвілін

“Пачатак разгляду ў 10.00, але прыходзьце раней, за паўгадзіны. Будзе шмат журналістаў”. Прыходжу раней. Калег насамрэч шмат. Адразу некалькі дзяржаўных каналаў. “Павінныя выпусціць сёння, яго самога нават прывезлі”, — перашэптваюцца журналісты.

Пасяджэнне пачынаецца пунктуальна, а 10-й. Тройка суддзяў, сакратар, адвакат, пракурор, у зале дзясятак журналістаў, родныя Уладзіміра Мальцава — сціпла апранутыя пажылыя маці з бацькам, жонка. Суддзя па просьбе пракурора забараняе фота і відэа, затым дае слова асуджанаму. Былы гендырэктар “Барысаўдрэва” ўстае з драўлянай лавы за кратамі і гаворыць без перапынку больш за 40 хвілін.

Абвінавачанні ён абвяргае цалкам, пералічвае свае заслугі перад прадпрыемствам, гаворыць нават, што доўга думаў перад пераходам на “Барысаўдрэў”.

“У мяне на той час былі нашмат больш прывабныя прапановы, але я вырашыў працаваць тут”, — расказвае ён суддзям. Яшчэ расказвае, што абвінавачанні ў кар’ерызме (у матэрыялах справы пра Мальцава так і напісана — кар’ерыст) не вартыя ўвагі, пры ім тэрміны мадэрнізацыі пераносіліся адзін раз, а да яго — ажно шэсць. А таксама што супрацоўніцтва з турэцкай фірмай-вытворцам катлоў для кацельнай, што і прывяло былога дырэктара на лаву падсудных, пачалося на “Барысаўдрэве” яшчэ да яго прыхода на прадпрыемства. Пытаецца ў суда, як ён мог адзін, самастойна і без дапамогі іншых, замінаць мадэрнізацыі прадпрыемства. І яшчэ ці не збіраюцца яго часам зрабіць “ахвярным казлом” усёй гісторыі з няўдалай мадэрнізацыяй беларускай дрэваапрацоўкі.

Адвакат Мальцава Дзмітрый Гарачка гаворыць менш — хвілін 20. Збольшага хваліць свайго падабароннага. Маўляў, Мальцаў нагадаў яму людзей з савецкага часу, якім “сонца было не трэба, бо ім свяціла партыя”. Заявіў, што былога гендырэктара трэба апраўдаць. Пракурор жа папрасіў пакінуць ранейшы прыгавор у 3 гады калоніі строгага рэжыму ў сіле. “Я ўсё перачытаў, перагледзеў і лічу, што віна Мальцава даказаная”, — ціха сказаў ён.

Суддзі раіліся, што рабіць з Мальцавым, паўтары гадзіны. Потым выйшлі і сказалі, што яму трэба скараціць трохгадовы тэрмін да 2,5 гадоў. Ад іх адняць яшчэ год па амністыі. У дадатак прыбраць з прысуду згадку пра “цяжкія наступствы і страты, прычыненыя “Барысаўдрэву”.

“Думаю, ён трапіць яшчэ пад адну амністыю, прысвечаную 70-годдзю перамогі, і выйдзе на свабоду ўжо ў траўні-чэрвені. Хутчэй у чэрвені”, — супакойваў адвакат маці Мальцава. Журналістам перад камерамі ён назваў рашэнне Вярхоўнага суда “кампрамісным варыянтам”.

З чаго ўсё пачалося

Праблемы ва Уладзіміра Мальцава ўзніклі ўвосень 2013 года, калі на давераны яму “Барысаўдрэў” з інспекцыяй прыехаў Аляксандр Лукашэнка. Прыехаў, насварыўся за недастаткова актыўную мадэрнізацыю і прызначыў замест Мальцава кіраўніка мінскага аблвыканкама Барыса Батуру. Батура нечакана кіраваць “Барысаўдрэвам” не захацеў і пайшоў на пенсію, а небараку Уладзіміра Мальцава арыштавалі праз некалькі месяцаў — у сакавіку 2014.

За што пасадзілі

Афіцыйна — за “нанясенне шкоды ў буйным памеры”. Неафіцыйна — за “правал мадэрнізацыі”. Такога артыкула ў Крымінальным кодэксе пакуль няма. Сюжэт 125 тамоў матэрыялаў круціцца вакол кацельнай, якую Мальцаў будаваў для павелічэння магутнасцяў “Барысаўдрэва”. Будаваў сумесна з туркамі — набываў у іх катлы і абсталяванне. Але не паспеў да візіту Лукашэнкі.

Што будзе далей

На свабоду непакорны экс-дырэктар можа выйсці ўжо праз месяц-другі. Адвакат перакананы, што Уладзіміра Мальцава закране амністыя. Дзякуючы Вярхоўнаму суду яму нават не давядзецца вяртаць “вялізныя страты”, нанесеныя “Барысаўдрэву”. Адно што давядзецца шукаць новую працу — адказныя пасады яму не давераць яшчэ тры гады.

Фота tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі