Гендырэктар, які трапіў пад гарачую руку прэзідэнта, атрымаў 3 гады калоніі
Высокія дзяржаўныя чыноўнікі ведалі пра крокі кіраўніка “Барысаўдрэва” Уладзіміра Мальцава. Але да крымінальнай адказнасці прыцягнулі толькі яго.
Прысуд былому гендырэктару “Барысаўдрэва” Уладзіміру Мальцаву абвясцілі ў суботу, 20 снежня, у Мінскім абласным судзе. Далі тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Гэтая крымінальная справа пачалася з працоўнай паездкі кіраўніка краіны ў Барысаў. А падчас судовых пасяджэнняў не раз узнікалі скандалы, якія схілялі да думкі, што Мальцаў — стрэлачнік.
Пасля чаго гендырэктар трапіў у няволю?
У лістападзе 2013 года Аляксандр Лукашэнка наведаў прадпрыемства “Барысаўдрэў”. Ён абурыўся ходам мадэрнізацыі і проста з заводскіх сценаў адправіў у адстаўку старшыню Мінаблвыканкама Барыса Батуру, кіраўніка “Беллесбумпрама” Аляксандра Пераслаўцава і намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Андрэя Тура. Да таго ж прэзідэнт загадаў распачаць крымінальную справу. Усе даручэнні былі выкананыя. Праўда, пад крымінальную раздачу праз некалькі месяцаў трапіў толькі гендырэктар “Барысаўдрэва” Уладзімір Мальцаў. Яго абвінавацілі ў “злоўжыванні службовым становішчам”. Пры гэтым Мальцаў нікога не збіў, нічога не скраў, не пагарэў на адкатах. Ён, паводле версіі следства, лабіраваў інтарэсы замежнай кампаніі Bersey.
Якія абвінавачанні выставілі?
Па-першае, следчыя палічылі, што Мальцаў замовіў у туркаў не такія тэрмамасляныя катлы, як трэба ў беларускіх умовах. І гэта пацягнула дадатковыя выдаткі. Па-другое, за некаторыя работы па мантажы абсталявання было двойчы заплачана, а самы першы кантракт з фірмай Bersey прадугледжваў, на думку следства, выкананне ўсіх работ. Па-трэцяе, мадэрнізуючы вытворчасць для запалак, Мальцаў заключыў дамову на мантаж шведскага абсталявання не наўпрост з выканаўцамі, а праз дзяржаўны будтрэст. Тыя таксама неабгрунтавана знялі свой працэнт.
Агулам дзяржаўныя страты следства ацаніла ў суму, блізкую да 17,9 мільярда рублёў.
Адвакат Мальцава Дзмітрый Гарачка выказаў меркаванне, што следства вялі людзі, якія не разбіраюцца ў тонкасцях вытворчасці, і яго падабаронны — невінаваты.
Мальцавым прыкрылі высокіх чыноўнікаў?
Як спачатку націскала следства, Уладзімір Мальцаў заключыў незаконнае пагадненне на пастаўку абсталявання для кацельнай з турэцкай фірмай Bersey. Падчас суда журналісты высветлілі, што існуе пастанова Савета міністраў №324, якая дазваляла “Барысаўдрэву” без правядзення падрадных таргоў супрацоўнічаць з туркамі. Атрымліваецца, і прэм’ер-міністр Мясніковіч, і яго намеснікі цудоўна ведалі пра ўсе “злачынныя” крокі гендырэктара Мальцава.
Цікава і тое, што з 2008 года Уладзімір Мальцаў быў пятым дырэктарам на “Барысаўдрэве”. І, па вялікім рахунку, толькі пры ім на прадпрыемстве пачалася рэальная мадэрнізацыя.