Былы палітвязень Арцём Баярскі плануе аднавіцца ў БДУ

Арцём Баярскі (крайні справа) / Кадр з відэа
Былы палітвязень Арцём Баярскі плануе аднавіцца ў БДУ. "Планую, калі атрымаецца і мяне прымуць, аднавіцца ў БДУ на тую ж спецыяльнасць і вучыцца", — сказаў ён у сюжэце АНТ. Па словах Баярскага, ён знайшоў працу ў будаўнічай краме, пакуль стажыруецца.
У Гродне прайшло чарговае "групавое выхаваўчае мерапрыемства" для тых, хто раней быў асуджаны за палітыку і стаіць на ўліку. Сярод яго ўдзельнікаў і быў Арцём Баярскі.
Баярскі быў вельмі паспяховым і перспектыўным студэнтам. У 2020-м адмовіўся ад прэзідэнцкай стыпендыі на знак пратэсту супраць падзей у краіне. У 2021-м быў затрыманы і асуджаны на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі палітвязнем. У пачатку лютага 2025-га стала вядома пра вызваленне Арцёма Баярскага па памілаванні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.